Падчас візіту ў Беласток прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў найбліжэйшыя дні можа прыняць рашэнне аднавіць працу пункта пропуску “Баброўнікі” на польска-беларускай мяжы (з беларускага боку – “Бераставіца”).
“Гэта нібыта разблакавала б значную частку польскага малога і сярэдняга бізнесу, звязанага з прамым тавараабменам “чалавек чалавеку” паміж беларусамі і палякамі”, – заявіў у пятніцу, 24 траўня, Дональд Туск падчас адкрытай сустрэчы ў Беластоку, перадае RMF FM.
“Адразу абмоўлюся, я не прыму гэтае рашэнне, калі ў ваеннага камандавання і пагранічнікаў будзе відавочна негатыўнае меркаванне аб тым, што гэта можа аказаць вялікі негатыўны ўплыў на нашу бяспеку”, – дадаў прэм’ер-міністр Польшчы.

Дональд Туск сказаў, што рашэнне можа быць прынятае на працягу некалькіх дзён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што далёкі ад жэстаў у бок беларускага рэжыму і магчымае адкрыццё мяжы не трэба інтэрпрэтаваць такім чынам.
“Я цалкам падтрымліваю гэта! Ізаляваць рэжым, быць адкрытымі для людзей”, – напісаў у X (былы Twitter) яго аднапартыец Роберт Тышкевіч, былы дэпутат польскага сейма з Беластока, які ў папярэдніх скліканнях адказваў за тэматыку Беларусі.
“Баброўнікі” зачыненыя ўжо больш за год
Пункт пропуску “Баброўнікі” закрылі ў лютым 2023 года ў адказ на палітычна матываваны прысуд беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Пра тое, што гэты пункт пропуску на мяжы варта адкрыць, у красавіку 2024 г. выказваўся віцэ-спікер польскага Сейма Мацей Жыўна.
Адкрыццё мяжы падтрымлівае і польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód (“Аб’яднаны ўсход”). Яно заклікала ўлады адкрыць памежныя пераходы, у першую чаргу «Баброўнікі», каб аднавіць паток турыстаў з Беларусі. Па падліках прадпрымальнікаў, штогод ён прыносіў рэгіянальнаму бізнесу € 124 млн.



