Гранічныя максімальныя тарыфы на стаматалагічныя паслугі ўстанавіла Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Частка паслуг патаннее. Новыя цэны набудуць моц з 1 ліпеня 2024 года.
Новыя тарыфы на стаматалогію ўстанаўлівае пастанова Міністэрства аховы здароўя № 77 ад 24 красавіка 2024 г. Яна была афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 23 траўня. У апошні раз максімальныя дапушчальныя цэны на паслугі стаматолага мяняліся ў лістападзе 2023.
Што ў беларускай стаматалогіі стане таннейшым і на колькі?
Некаторыя паслугі стаматолагаў патаннеюць на 8,54%, іншыя на 13, 77%, а некаторыя нават на 31,43%. Больш за ўсё, мяркуючы па дакуменце, патаннее адбельванне зубоў з выкарыстаннем капы — амаль на 70%.
Як зменяцца цэны стаматалагічных паслуг
- Ацэнка вынікаў даследаванняў:
- ацэнка лекарам вынікаў дэнтальных рэнтгенаграм, панарамных артапантамаграм, заключэнняў лекараў-рэнтгенолагаў па праведзеных рэнтгендаследаваннях — цяпер каштуе 15,10 рубля, а будзе каштаваць 13,02 рубля;
- ацэнка вынікаў тэлерэнтгенаграм, конусна-прамянёвых камп’ютарных тамаграм — цяпер каштуе 30,20 рубля, а будзе каштаваць 26,04 рубля.
- Забор матэрыялу для даследавання:
- трэпанбіёпсія — цяпер каштуе 41,20 рубля, будзе каштаваць 37,67 рубля;
- інцызійная і эксцызійная біяпсія — цяпер каштуе 41,20 рубля, будзе каштаваць 28,25 рубля;
- пункцыйная біяпсія — цяпер каштуе 10,30 рубля, будзе каштаваць 9,42 рубля.
- Выдаленне зубных адлажэнняў:
- апаратным метадам (пнеўматычным, ультрагукавым, магнітастрыкцыйным і іншымі) (за адзін зуб) — цяпер каштуе 2,44, будзе каштаваць 1,88;
- з ужываннем содаструменнага апарата (за адзін зуб) — цяпер каштуе 2,42, будзе каштаваць 1,88.
- Адбельванне зубоў:
- адбельванне зубоў з выкарыстаннем капы (адна сківіца) — цяпер каштуе 91,20 рубля, будзе каштаваць 28,25 рубля.
- Аператыўныя ўмяшанні на сківіцах:
- унутрыкасцяная дэнтальная імплантацыя аднаго імплантата — цяпер каштуе 188,73 рубля, будзе каштаваць 75,33 рубля.
Новыя тарыфы на стаматалагічныя паслугі, якія набудуць моц з 1 ліпеня 2024 года, можна паглядзець у пастанове Міністэрства аховы здароўя.
Чытайце таксама: На Дубко насупраць Old City пабудуюць гарадскі стаматалагічны цэнтр