У Гродне ўжо некалькі месяцаў затрымліваюць і судзяць за падпіску на паблік «Новости Гродно | Grodno.news». Суполка існуе з 2013 года, на яе падпісана 26 тыс. чалавек. У ёй публікуюцца навіны Гродна і рэгіёна, а таксама беларускай эміграцыі.
Па звестках Hrodna.life, затрыманых за падпіску на гэтую суполку ў Гродне за апошнія два месяцы — некалькі дзясяткаў чалавек. Іх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі,
якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
Асабліва актыўна заводзіць справы за падпіску на гэтую суполку сталі на пачатку траўня. Некаторыя з асуджаных абышліся штрафам і канфіскацыяй тэлефона, некаторыя трапілі ў ІЧУ на суткі. Таксама ў траўні працягвалі судзіць за падпіску на сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча, якія таксама прызнаныя «экстрэмісцкімі».
За апошнія 3,5 гады спіс «экстрэмізму» вырас амаль у 15 разоў
Спіс матэрыялаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі», вядзецца з 2008 года. Да лета 2020 года ўнесеныя ў яго матэрыялы ў асноўным датычыліся выяваў свастыкі, прапаганды нацызму, расізму і варожасці на глебе рэлігіі. За 12 гадоў - на кастрычнік 2020 года — спіс склаў 72 старонкі.
За апошнія тры з паловай гады ён вырас да 1072 старонак і зараз у асноўным змяшчае матэрыялы, чаты і паблікі грамадска-палітычнай тэматыкі. Паблік «Новости Гродно | Grodno.news» быў прызнаны «экстрэмісцкім» матэрыялам па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 23 студзеня 2023 года.
Чытайце таксама: Кнігу пра гісторыю Заходняй Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Яе аўтар — былы сілавік