За ўвесь час, колькі ідзе адбудова Любчанскага замка, у ім аднавілі частку абарончых сцен і дзве паўразбураныя вежы, а адну вежу пабудавалі з нуля. Зараз на ёй ідуць аздабленчыя працы. Актуальныя фотаздымкі з рэканструкцыі замка ў Любчы апублікаваў Onliner.
Аздабленчыя працы адбываюцца на найноўшай вежы замка — дазорнай (паўночнай). Далей у планах — аднавіць усходнюю вежу і адбудаваць чарговую частку агароджы, пад якую ўжо залілі фундамент. Пасля поўнага аднаўлення замак хочуць пераўтварыць у турыстычную адметнасць.







Любчанскі замак: гісторыя з’яўлення, заняпаду і рэканструкцыі
Любчанскі замак першапачаткова быў драўляным. Яго пачаў будаваць Ян Кішка ў 1581 годзе. Тады каменнай была толькі ўязная вежа. Будаўніцтва каменнага замка скончылі ў XVII стагоддзі пры Радзівілах. Тады ж мястэчка Любча атрымала Магдэбургскае права ад караля Жыгімонта Вазы.
Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй у 1654−1667 гадах Любчанскі замак практычна цалкам зруйнавалі. Аднаўляць яго пачалі толькі ў XIX стагоддзі. Гэтым займаліся новыя ўладальнікі - Фальц-Фейны. На месцы гаспадарскага дома яны пабудавалі двухпавярховы палац у стылі англійскай неаготыкі, а побач з параднай вежай — гасцявы дом.
Падчас Першай і Другой сусветных войнаў палац разбурылі. Ацалелі толькі дзве вежы на кутах. Пасля войнаў на фундаменце палаца пабудавалі школу.
Замак пачаў рэканструяваць у 2003 годзе Іван Пячынскі. Доўгі час рэканструкцыя трымалася амаль выключна на яго ініцыятыве і працы валанцёраў. Пазней да адбудовы замка далучыўся «Прыёрбанк» і іншыя арганізацыі.
Рэканструкцыю замка ў Любчы часта крытыкуюць гісторыкі і спецыялісты па ахове спадчыны як навукова неабгрунтаваную і валюнтарыстычную.
Чытайце таксама: Замок в Любче, самый старый костел и забытая усадьба — путешествие за 1 день