Каля Каложскай царквы 18 траўня адкрылі званіцу. Папярэдне планавалася, што званы ўпершыню прагучаць у Дзень Перамогі 9 траўня.
![Побач з Каложай адкрылі званіцу: яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/05/Zvanica-kalja-Kalozhy-1-800x450.webp)
Званіца размяшчаецца ў 10 метрах ад храма. Канструкцыя вышынёй пяць метраў выканана з дуба і важыць дзве тоны. На пярэднім плане тры буйных званы — самы вялікі важыць 1,3 тоны. Агулам на званіцы размясцілі дзевяць званоў.
![Побач з Каложай адкрылі званіцу: яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/05/Zvanica-kalja-Kalozhy-2-800x450.webp)
![Побач з Каложай адкрылі званіцу: яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/05/Zvanica-kalja-Kalozhy-3-800x450.webp)
![Побач з Каложай адкрылі званіцу: яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі](https://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/05/Zvanica-kalja-Kalozhy-4-800x450.webp)
Восем з дзевяці званоў прывезлі ў Каложскую царкву яшчэ ў лістападзе 2023 года. Іх даставілі з Варонежа (Расія). Некаторыя са званоў ручныя, некаторыя педальныя [звон, гук з якога выбіваецца з дапамогай націскання нагі на педаль — Hrodna.life].
![Званы для Каложы](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/02/zvany-kalozha_result-800x800.webp)
Будоўлю званіцы прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі. На самым вялікім звоне выкананы адпаведны надпіс.
Дзе і якой была званіца Каложы раней?
Меркавана, першапачаткова Каложская царква была збудаваная са званіцай. Яна магла быць убудаваная ў сцяну храма і размешчаная над паўднёва-заходнім вуглом, які абрынуўся ў Нёман ў сярэдзіне ХІХ ст. Гэтую версію даказвае несіметрычнасць галоўнага фасада, пісаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Падмурак царквы ў Ваўкавыску, якую адносяць да гродзенскай архітэктурнай школы, быў закладзены з разлікам на такую званіцу.
Ужо пасля абрушэння часткі храма ў Нёман, на малюнках Напалеона Орды і іншых мастакоў, званіцу можна ўбачыць драўлянай і з іншага боку храма. Менавіта такі варыянт для аднаўлення лічыць больш слушным гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон. Барочная званіца XVIII ст., на яго думку, гарманічна ўпісвалася б у архітэктурнае атачэнне.
![Каложская царква на малюнку Напалеона Орды, 1869 г.](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2024/02/Kalozha-Ordy_-800x604.webp)
У пачатку ХХ ст. званіца была ўжо зноў перабудаваная і мела форму брамы з двух слупоў, перакрытых невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне былі прымацаваныя званы.
У час падрыхтоўкі цяперашняга праекта ў архівах знайшлі звесткі аб тым, што «ў горад Гродну ў Барысаглебскі Каложскі манастыр адліты звон у 210 пудоў [3,44 тоны — Hrodna.life]» на звоналіцейным заводзе братоў Усачовых у Расійскай імперыі.