Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы ўзровень.
Мемарандум пра гарады-пабрацімы падпісалі бакі ў выніку афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. У складзе беларускай дэлегацыі ў Баку знаходзіцца старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Увагу пры новым супрацоўніцтве хочуць надаць сумесным праектам у галіне эканомікі, гарадскога планавання, мясцовага самакіравання, транспартнай і дарожнай інфраструктуры, жыллёвай гаспадаркі, навукі, адукацыі, культуры, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, горадабудаўніцтва, аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, спорту і турызму, піша БелТА.
Плануецца ўсталяванне прамых сувязяў паміж прамысловымі прадпрыемствамі і кампаніямі, адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі, моладзевымі арганізацыямі і творчымі саюзамі, а таксама ўстановамі аховы здароўя, культуры, спорту і турызму.
Сувязі былі яшчэ раней
Габала — горад у Азербайджане, цэнтр Габалінскага раёна. Да 1973 года быў пасёлкам. На 2020 год насельніцтва складала 14 тыс. чалавек. З’яўляецца адным з найстарэйшых гарадоў Азербайджана, размешчаны ў рэгіёне з багатай прыродай. Цягам апошніх 20 гадоў ператварыўся ў культурны і турыстычны цэнтр Азербайджана.
Пабрацімскія сувязі паміж Гроднам і Габалінскім раёнам былі ўсталяваны яшчэ раней, восем гадоў таму. У 2023 годзе ў Гродне ў гонар Габалы хацелі назваць адну з новых вуліц у мікрараёне «Баранавічы-11», які будуецца.