Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць грошы для дзяцей беларускіх палітвязняў. У фестывалі бяруць удзел 14 артыстаў, і кожны прадставіць сваю новую праграму або новую частку свайго жывога выступу.
Фестываль пройдзе ў варшаўскай прасторы Kwadrat Praski у Міжнародны дзень абароны дзяцей — 1 чэрвеня. Арганізатары — музычная супольнасць Belarus Outside Sound System — прапануюць гасцям фестывалю пакінуць ахвяраванне на летнія вакацыі дзецям палітвязняў у межах праекту беларускіх фондаў «Хуткая гуманітарная дапамога». За асабліва шчодрыя данаты падораць вінілавую кружэлку з фестывальным рэйв-зборнікам ад беларускіх электронных прадзюсараў.
Света Бень выступіць разам з Сяргеем Навіцкім у новым электронным праекце WTBSK, а Анастасія Рыдлеўская ўпершыню выступіць ужывую. На фестывалі таксама выступяць Сяргей Пукст са сваім праектам Георгій Дабро, Ганна Жданава, Domsun, PocketRave і Syntrig. Дыджэйскія сэты будуць граць Schmoltz, Papa Bo Selektah, Kornej, Eye-Q, Scarlett і Uhead.
Schmoltz (Алік Хамяк) — дыджэй і прадзюсер з Гродна, выступаў у многіх барах Гродна, у Мінску, суседніх краінах, працаваў у бары Nesterka. Апошнія гады жыве ў Польшчы. Аматарам obscure leftfield disco ён вядомы дзякуючы рэлізам на лэйблах The Very Polish Cut Outs, берлінскім Bahnsteig 23, Les Yeux Orange, Visky, Superkasety і іншых.
Belarus Outside Sound System — дабрачынны гастралюючы музычны рух, які падтрымлівае беларускіх пазажанравых артыстаў у эміграцыі і прыцягвае ўвагу да грамадска-палітычных праблем у Беларусі. У лютым 2024 года каманда праекта выпусціла зборнік аўтэнтычных электронных трэкаў ад беларускіх прадзюсераў, у якіх яны паразважалі аб пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці. Для стварэння трэка МК420 яго прадзюсар DJ Shos выкарыстаў запіс голасу і флейты Марыі Калеснікавай. Спецыяльна да фестывалю каманда рыхтуе лімітаванае выданне зборніка на вініле.
Чытайце таксама: Як хаваўся на радзіме Церцеля, калі патрапіў на першы рок-канцэрт і адкуль у Гродне нацысты: Алесь Дзянісаў прыйшоў у падкаст да Яраслава Кірвеля