Тры новыя тралейбусы з запасам аўтаномнага ходу да 20 км ужо паступілі ў Аўтобуснае ўпраўленне Гродна. Яшчэ 32 адзінкі транспарту збіраюцца купіць для горада да канца 2024 года.
«Мы разумеем, што сёння для таго, каб быў якасны транспарт, камфортны і бяспечны, нам трэба 10% рухомага саставу мяняць штогод. Гэта 35−40 адзінак у год. Было б выдатна, калі б мы гэтага графіку прытрымліваліся. Я думаю, у нас атрымаецца», — сказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.






Мяркуючы па інфармацыйнай шыльдзе, прывезлі тралейбусы вялікага класа MA3 203T20. Пасажыраўмяшчальнасць такой машыны — да 102 чалавек, месцаў для сядзення — 32. Дапушчальная маса — 18 тон. Рухавік асінхронны, магутнасцю 155/185 кВт (указаны намінальная і пікавая).
Андрэй Хмель асабіста ўручыў кіроўцам ключы ад новых тралейбусаў. Апроч віншаванняў, ён паразмаўляў з супрацоўнікамі ў нефармальнай абстаноўцы. Работнікі задавалі разнастайныя пытанні. Абмяркоўваліся тэмы стану дарог, закупкі электробусаў і іншыя актуальныя для горада тэмы. Уздымалася тэма будаўніцтва аквапарку, расказалі ў Гродзенскім гарвыканкаме.
Апошні раз аб закупцы чатырох новых тралейбусаў паведамлялі ў лютым 2023 года, планавалі даставіць яшчэ сем. Сем з 11 машын было з аўтаномным ходам. Тады казалі аб магчымасці падоўжыць маршруты ў новыя мікрараёны.
Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне далучылі у якасці філіяла да Аўтобуснага парку зімой 2022 года. Гэта было зроблена па рашэнні акцыянераў УПП «Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне». Аўтобусны парк вядзе сваю гісторыю ў Гродна з 1939 г., тралейбуснае ўпраўленне існавала з 1974 г.