Праўладная актывістка Вольга Бондарава ў сваім допісе назвала нявестку Аляксандра Лукашэнкі “змагаркай”. Але пазней адрэдагавала свой пост, заўважыла “Люстэрка”.

Ольга Бондарева
Вольга Бондарава. Фота: Гродзенская праўда

Што адбылося?

Жанчына абурылася складам артыстаў у праграме “Не будите спящих солдат” падчас сходу з нагоды Дня Перамогі, які адбыўся ў Палацы Рэспублікі 7 траўня 2024 года. Яна звярнула ўвагу на прозвішча Ганны Сялук.

“Колькі ні пішуць патрыёты пра тое, што непрыгожа да патрыятычных мерапрыемстваў прыцягваць змагароў і дзяржпераваротчыкаў, пральня [пад словам “прачечная” Бондарава мае на ўвазе Міністэрства культуры – Hrodna.life] упарта працягвае іх цягнуць. Каторы раз мы сустракаем прозвішча змагаркі Ганны Сялук на канцэртах з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Сёння на мерапрыемстве ў гонар Дня Перамогі 9 траўня — зноў тыя ж граблі”.

Пазней актывістка адрэдагавала паведамленне і выдаліла адтуль узгадку Ганны Сялук. На думку “Люстэрка”, жанчыне патлумачылі, каго тая назвала “змагаркай”.

Хто такая Ганна Сялук?

Ганна Сялук – псеўданім жонкі сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі – Дзмітрыя. Сапраўднае імя жанчыны – Ганна Сяргееўна Лукашэнка. Згодна з рэестрам інтэлектуальнай уласнасці, за тры няпоўныя гады яна напісала 106 песень. Сярод іх: “Ах, Александр”, “Бульба-дэнс”, а таксама гімн Генеральнай пракуратуры.

Бондарава адшукала на дзяржаўным свяце “змагарку”, а тая апынулася нявесткай Лукашэнкі
Ганна Сялук. Крыніца: Instagram / anna_seluk_

У 2023 годзе жанчына атрымала прэмію ад Аляксандра Лукашэнкі – “За духоўнае адраджэнне”. Таксама Сялук мае прэмію “За вялікі асабісты ўклад у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю значных культурных ініцыятыў”.

Чытаце таксама: Бондарава судзіцца з гродзенскім сайтам — ёй прыйшлося выправіць свой допіс і апраўдацца