На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт. Выключэнні зробяць толькі для начальства. Загад гендырэктара Ігара Ляшэнкі патрапіў да рэдакцыі «Зеркала». Згодна з дакументам, усім супрацоўнікам павінны будуць выдаць кнопкавыя тэлефоны і карпаратыўныя сім-карты ад МТС — на тэрыторыю прадпрыемства будуць пускаць толькі з імі.
У дакуменце паказана, што працаўнікоў «Гродна Азота» з 1 ліпеня 2024 года не будуць прапускаць на тэрыторыю са смартфонамі, у якіх ёсць выхад у інтэрнэт. У працоўны час супрацоўнікам дазволяць карыстацца тэлефонамі, па якіх можна тэлефанаваць, перадаваць SMS і MMS — імаверна, гаворка пра кнопкавыя тэлефоны.
Загад выпушчаны 26 красавіка і падпісаны гендырэктарам «Гродна Азота» Ігарам Ляшэнкам. Тэкст склалі паводле пратаколу «пашыранай вытворчай нарады», якую праводзілі 17 красавіка — менавіта ў той дзень «Кіберпартызаны» паведамлялі пра маштабную хакерскую атаку на прадпрыемства.
Меры прынялі, каб абмежаваць супрацоўнікам магчымасці «фотавідэафіксацыі і карыстання інтэрнэт-рэсурсамі». А таксама «ў мэтах забеспячэння бесперабойнай працы структурных падраздзяленняў, аператыўнага прыняцця работнікамі прадпрыемства рашэнняў па кірунках вытворча-фінансавай дзейнасці».
Па новых нормах усім структурным падраздзяленням павінны са склада выдаць мабільныя тэлефоны «стандарту 2G». У дакуменце не пазначаецца, ці можа быць у іх камера для здымкі фота і відэа. Размеркаваць іх мусілі да 29 красавіка. Папярэдне кіраўнікам гэтых падраздзяленняў трэба было скласці спісы супрацоўнікаў. Ад кожнага працаўніка — абавязкова аформіць заяву і абавязацельствы па выкарыстанні. Арыгіналы спісаў і заявы да 3 траўня чакалі ў бухгалтэрыі, копіі дадаткова ў службе бяспекі і цэху сувязі.
Калі ў супрацоўнікаў з’яўляецца «вытворчая неабходнасць падлучыцца да інтэрнэту са смартфонаў», спіс іх прозвішчаў у справаздачнай запісцы павінны накіраваць начальніку службы бяспекі. Прычым папярэдне ўзгадніўшы з намеснікам гендырэктара падраздзялення, да якога гэтыя работнікі адносяцца.
Да тэлефонаў прыкладаюцца карпаратыўныя сім-карты — іх падключылі да аператара МТС, на тарыф «Разумны бізнэс 1.0». Пры гэтым «Гродна Азот» атрымала вялікую зніжку — 70% ад дзейнага тарыфу. У гэтым тарыфе ўключаныя 250 Мб інтэрнэт-трафіку, але для азотаўцаў ён будзе заблакаваны.
Усе патрабаванні тычацца як самога «Гродна Азот», так і філіяла «Завод Хімвалакно», унітарных прадпрыемстваў «АзотСпецТранс», «АзотСэрвіс», «АзотХімФортыс», «АзотРэмБуд». Іх дырэктары таксама павінны купіць і раздаць працаўнікам тэлефоны і сімкі. Дэдлайн — 30 чэрвеня.
Асобным пунктам у загадзе прапісалі спіс супрацоўнікаў, якім такія тэлефоны таксама выдадуць, але дазволяць карыстацца асабістымі смартфонамі. Сярод іх — намеснікі гендырэктара «Гродна Азота» і «Завода Хімвалакно», кіраўнікі структурных падраздзяленняў (службаў, атрадаў і аддзелаў) і іх намеснікі.
Чытайце таксама: «Гродна Азот» пахваліўся сяброўствам са краінай, дзе катуюць людзей і 67% насельніцтва жыве за рысай галечы
У даведкавым бюро «Гродна Азота» пацвердзілі рэальнасць забароны. Журналістка «Зеркала» патэлефанавала туды як супрацоўніца і папрасіла ўдакладніць, калі менавіта забарона пачне дзейнічаць.
— Пакуль не было ніякіх указанняў. У мяне, напрыклад, пакуль свой тэлефон з сабой, сёння дакладна, — адказаў супрацоўнік і ўдакладніў інфармацыю ў калегаў. — Папярэдне,
пакуль да 1 чэрвеня можаце карыстацца.
Пасля смартфоны працаўнікам прыйдзецца пакідаць у спецыяльных ячэйках на прахадных. Паводле суразмоўцы, кожная ячэйка разлічана прыкладна на чатыры чалавека. Яны «пад камерамі» і будуць зачыняцца на ключ.
17 красавіка хакеры абвясцілі пра маштабную атаку на «Гродна Азот». Яны заявілі, што ўзламалі сістэмы аховы і камеры відэаназірання, парушылі працу кацельнага цэха і знішчылі бэкапы базаў дадзеных.
«Стаўкі падвышаюцца. Каб аднавіць дадзеныя, давядзецца дыктатару вызваліць УСІХ палітвязняў „Гродна Азота“ + 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на нашу думку)», — заявілі «Кіберпартызаны».
3 траўня хакеры заявілі пра паўторны напад на «Гродна Азот». Яны сцвярджаюць, што падчас першага ў сетку прадпрыемства заклалі вірусы, якія спрацоўваюць па раскладзе. «Адпрацавала першая серыя такіх „закладак“, якая павінна была выдаліць дадзеныя шматлікіх сотняў ПК супрацоўнікаў, дакументазварот, дамен-кантролеры і іншыя серверы. Паводле нашай інфармацыі, на прадпрыемстве паніка. Дыспетчар аддаў загад тэрмінова выключыць кампутары па ўсім прадпрыемстве», — сказана ў паведамленні «Кіберпартызан». Аб’яднанне нагадала, што выдаліць усе «закладкі», калі прадпрыемства і ўлады выканаюць заяўленыя патрабаванні.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…