У навагрудскім касцёле Арханёла Міхаіла 27 красавіка ўрачыста адкрылі крыпту імя cвятога Дамініка і біскупа Віта.

Адкрыццё крыпты для наведвання пачалося са святой імшы і было прымеркавана да 400-годдзя касцёла. Службу ўзначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, паведаміў сайт CatholicNews.by.
Крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе яшчэ да яго пабудовы стаяла капліца. Там размяшчаюцца пахаванні айцоў дамініканцаў, а таксама сям'і фундатараў касцёла з роду Хадкевічаў.
«Працы па падрыхтоўцы крыпты, яе ачышчэнні і прывядзенні да ладу доўжыліся тры гады. Цяпер кожны наведнік Навагрудка можа наведаць гэтае старажытнае месца і такім чынам дакрануцца да багатай гісторыі нашай зямлі», — расказаў Catholic.by пробашч касцёла ксёндз Юрый Жэгарын.
Крыптай называюць падземную частку храма, звычайна размешчаную пад алтаром, дзе традыцыйна хавалі манахаў або дабрачынцаў касцёла.


У Беларусі толькі дзве даступныя турыстам крыпты
Падобная крыпта, акрамя Навагрудка, ёсць у Нясвіжы. Гэта ўсыпальніца Радзівілаў у падзямеллях касцёла Божага цела. Падзямеллі з пахаваннямі ёсць і ў многіх іншых касцёлах, але яны звычайна недаступныя турыстам.
Наведаць навагрудскую крыпту можна штодзённа ў час працы касцёла — з 10:00 да 17:30. Кошт наведвання — добраахвотнае ахвяраванне. Таксама крыпту можна наведаць з экскурсіяй, загадзя дамовіўшыся па нумары тэлефона: +375 333 077 134.
Чытайце таксама: Гістарычны цэнтр Навагрудка прызналі помнікам міжнароднага значэння — толькі зараз!
Кляштар дамініканцаў у Навагрудку ў 1624 годзе фундаваў Крыштаф Хадкевіч. У 1724 годзе на месцы першага драўлянага касцёла быў пабудаваны мураваны — які існуе дагэтуль. У кляштары побач з касцёлам дзейнічала школа, якую наведваў у дзяцінстве Адам Міцкевіч.