Як мінімум 120 000 рублёў з гарадскога бюджэту выдаткуюць у Гродне на Дзень Перамогі. Даражэй за ўсё абыдуцца сцэна, гук і святло. Трэцяе месца займае феерверк, хоць ён каштуе менш, чым у мінулым і пазамінулым гадах. Менш за ўсё заплацяць людзям. Паглядзіце, на што ўлады выдаткоўваюць грошы перад 9 траўня.
Сцэна
На сцэнічны комплекс, гукавое, светлавое суправаджэнне, LED-экраны на вул. Леніна збіраюцца выдаткаваць 27 000 рублёў. На тое ж на Савецкай плошчы – 68 000 рублёў. Пакуль абодва аўкцыёны прызналі несапраўднымі.
Артысты
На артыстаў усяго выдаткуюць 4693,19 рубля. Шукаюць восем вядучых – ім заплацяць ад 335,23 да 469,32 рубля. Таксама выдаткуюцца на спевака (268,18 рубля), артыста гутарковага жанру (402,27 рубля) і двух аніматараў (469,32 рубля).
Феерверк патаннеў
Феерверк запусцяць у скверы ля Палаца культуры Тэкстыльшчыкаў. Залпы будуць доўжыцца восем-дзесяць хвілін. Эфект, малюнак, яркасць павінны нарастаць да фіналу. Гэта каштуе 13 000 рублёў. Гэта танней, чым у 2023 і 2022 годзе.
Шары і сцягі
1080 рублёў выдаткуюць на афармленне мерапрыемства паветранымі шарамі. Амаль столькі – 1300 рублёў – аддадуць на друкаваную прадукцыю.
Палотнішча “Сцяг Перамогі” каштуе 2670 рублёў. 5610 рублёў выдаткуюць на тэкстыльную прадукцыю. Купяць 25 сцягоў “З Днём Перамогі” 140×70см, 25 сцяжкоў “З голубам” 140×70см і 50 пластыкавых флагштокаў 1,5 м.
Колькі заплацяць ветэранам?
Таксама да 4 траўня ветэранам вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, выплацяць ад 1 да 4 тысяч рублёў.
У Гродне 9 траўня адзначаць канцэртам “Салют, Перамога!”, тэматычнымі пляцоўкамі “Франтавая паляна”, “Фестываль салдацкай кашы”, “Летапіс Перамогі”. Мерапрыемствы таксама пройдуць у мікрараёнах.
Чытайце таксама: Марш кадэтаў і канцэрты на дзвюх плошчах: з’явілася праграма на 9 траўня ў Гродне


