Колькасць паездак у Беларусь для беларусаў, якія жывуць у Літве, абмяжоўваць не будуць. Прапанова не атрымала падтрымкі ў Сейме Літвы ў галасаванні 23 красавіка, паведаміў LRT.
Праект прадугледжваў, што грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве, могуць ездзіць на радзіму не часцей, чым раз на тры месяцы. Пры парушэнні гэтага абмежавання ў іх забіралі б від на жыхарства. З такой прапановай у парламент звярнуўся Камітэт па нацыянальнай бяспецы Сейма Літвы.
Як галасавалі літоўскія дэпутаты
На абмеркаванне выносілі прапанову пазбаўляць часовага віду на жыхарства ў Літве тых беларусаў, які выязджаюць у Беларусь часцей за адзін раз у год. За такі закон прагаласавалі 20 членаў Сейма, супраць — 47 і яшчэ 45 устрымаліся.
Другая прапанова — дазволіць адну паездку на тры месяцы. Яна таксама не атрымала большасці галасоў. За закон прагаласаваў 41 дэпутат Сейма, 37 выказаліся супраць і яшчэ 30 дэпутатаў устрымаліся.
Закрыццё пагранпераходаў не зменшыла колькасць паездак
Паводле палітыкаў, закрыццё чатырох з шасці пагранпераходаў не зменшыла колькасці паездак беларусаў у Літву. Зараз там пастаянна жыве 60 000 беларусаў. Некаторыя з іх вяртаюцца ў Беларусь да сямі разоў за год. Паводле дадзеных Дэпартамента дзяржбяспекі, большасць — эканамічныя мігранты. Тыя, хто часта ездзіць дадому, з’яўляюцца мішэнню для беларускіх спецслужбаў, таму нават некалькі паездак за год могуць быць небяспечныя, лічаць у Дэпартаменце дзяржбяспекі Літвы.
Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству