Гандлёвыя шэрагі на ніжнім узроўні Скідзельскага рынка вырашылі ўсё ж не аднаўляць. Праз адток арандатараў у апошні час чыноўнікі палічылі гэты варыянт немэтазгодным. Але пляцоўку вернуць у абарот у іншай якасці ўжо хутка.
У хуткім часе там нанясуць дарожную разметку, і ніжняя пляцоўка рынка пачне сваю працу, расказала намесніца старшыні Гродзенскага аблспажыўтаварыства Алена Чыкава «Гродзенскай праўдзе». Там будуць гандляваць з машын, а таксама з’явіцца стаянка для наведвальнікаў Скідзельскага (Цэнтральнага) рынка.
Пасля дэмантажу ніжняй пляцоўкі чыноўнікі пыталіся арандатараў, што павінна быць на тым месцы і ці варта яго аднаўляць. Агульнай думкі наконт рэканструкцыі не пачулі, таксама пачаўся адток арандатараў. Таму ставіць на ніжняй пляцоўцы гандлёвыя павільёны ці шэрагі, як збіраліся раней, перадумалі. «У далейшым, калі сітуацыя будзе мяняцца, то, канешне ж, мы будзем думаць пра тое, каб аднавіць гандлёвыя шэрагі», — сказала чыноўніца. Усё залежыць ад колькасці арандатараў, патлумачыла яна.
Зараз ніжняя пляцоўка Скідзельскага рынку пустуе. Гандлёвыя шэрагі, якія там заставаліся, былі ў дрэнным стане. Іх вырашылі дэмантаваць у студзені 2023 года, каб пазбегнуць пагрозы жыццю людзей, растлумачыла чыноўніца.
Пасля таго, як стала вядома пра дэмантаж, усім прадпрымальнікам прапанавалі месцы ў вольных намётах на верхняй пляцоўцы рынка. Паставілі і дадатковыя гандлёвыя кропкі, расказала Алена Чыкава.
Стала занадта цесна
Пасля закрыцця ніжняй пляцоўкі пакупнікоў стала ў разы менш, падзяліўся з журналістамі адзін з прадаўцоў. Ён гандлюе на Скідзельскім рынку больш за 15 гадоў. Прадаўцы — хто пераехаў на верхні ўзровень, хто — на рынак «Паўднёвы», а хто ўвогуле сышоў з прадпрымальніцтва.
На верхняй пляцоўцы рынку зараз мала месца і прадаўцам, і пакупнікам: няма дзе нават камфортна прымяраць рэчы, скардзіцца мужчына. Ён спадзяецца, што ў адміністрацыі рынку ўсё ж такі перадумаюць і вернуць шэрагі на ніжнюю пляцоўку.
Што збіраліся адкрыць на ніжняй пляцоўцы
У 2020 годзе пасля мадэрнізацыі там абяцалі замест сталоў з навесамі паставіць павільёны. У выніку ніжняя пляцоўка рынку павінна была выглядаць як міні-рынак на Альшанцы. Колькасць гандлёвых месцаў пасля рэканструкцыі абяцалі павялічыць. Яшчэ восенню 2023 года захоўваліся планы паставіць на ніжняй пляцоўцы крытыя гандлёвыя павільёны аналагічныя тым, што ўжо стаяць на верхняй, пісаў Newgrodno.by.
Чытайце таксама: Каля Скідзельскага рынку з’явіцца кафэ: яго адкрыюць уладальнікі стрып-клуба