Пра магчымае закрыццё ў траўні 2024 пункта пропуску «Шальчынінкай» (з беларускага боку — «Беняконі») на літоўска-беларускай мяжы 17 красавіка расказаў «КоммерсантЪ» са спасылкай на спецыяліста буйной лагістычнай кампаніі FM Logistic. Але ўрад Літвы абверг гэтыя чуткі, піша «Люстэрка».
— Інфармацыя, распаўсюджаная расійскай газетай «КоммерсантЪ», не адпавядае рэчаіснасці. Пытанне пра закрыццё памежнага пункта пропуску «Шальчынінкай» цяпер не разглядаецца, — паведамілі «Люстэрку» ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю і СМІ Дэпартамента ўрадавых камунікацый Літвы.
Эфектам задаволеныя, адкрываць мяжу не плануюць
Эфектамі ад ранейшага закрыцця пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю літоўскі ўрад задаволены. З 1 сакавіка 2024 не працуюць памежныя пераходы «Лаварышкес — Катлоўка» і «Райгардас — Прывалка», з 18 жніўня 2023 — «Шумскас — Лоша» і «Твярачус — Відзы». Прычынамі закрыцця называлі нацыянальную бяспеку і змаганне з кантрабандай.
— Рашэнне аказалася паспяховым, — кажуць спецыялісты Дэпартамента ўрадавых камунікацый. — Колькасць літоўскіх грамадзян, якія ездзяць у Беларусь у сакавіку, скарацілася на 60% (з пачатку сакавіка, калі праца двух памежных пераходаў была прыпыненая). У красавіку скарачэнне патоку літоўскіх грамадзян, якія ездзяць у Беларусь, стала яшчэ больш прыкметным. Такім чынам, менш літоўскіх грамадзян можа трапіць пад уплыў беларускіх або расійскіх спецслужбаў.
«Люстэрка» таксама ўдакладніла, ці магчымае поўнае або частковае аднаўленне працы закрытых памежных пераходаў і ў якія тэрміны.
— Цяпер гэты варыянт не разглядаецца, — заключылі ў Дэпартаменце.