У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 2 красавіка пройдзе пасяджэнне над урачом Андрэем Тодрыкам, якога судзілі па «справе артапедаў». Яму хочуць замяніць неадбытую частку «хатняй хіміі» на звычайную.
Суддзя — Дзмітрый Сасноўскі.
Андрэй Тодрык — былы загадчык артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 БХМД Гродна. Яго судзілі за атрыманне незаконнага ўзнагароджання па ч.1 арт. 433 КК і ч. 2 арт. 433 КК. Ён нібыта меў зносіны з пастаўшчыком імпартных пратэзаў, усталёўваў іх пацыентам і атрымаў за гэта € 5700.
Мужчыну ў красавіку 2023 года асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» і штраф у 310 базавых велічынь (11 470 рублёў) без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Адзін год яму прыбралі на падставе закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Ён працягнуў працаваць у БХМД, але не на кіруючай пасадзе.
Невядома, які тэрмін яму трэба будзе адбыць — не пазначылі, калі яго перавялі з-пад варты пад асабістае даручальніцтва.