Маці траіх дзяцей, у тым ліку дзіцяці-інваліда, за якім яна даглядае, везла з Літвы масажны стол для сына. Мытнікі не паверылі, што сталом ужо карысталіся. Жанчыну судзілі за недэклараванне тавараў (ч.1 арт. 15.5 КаАП).
Гродзенка ехала з Польшчы ў Беларусь праз Літву 16 лютага праз «Прывалку». У пункце пропуску яна паехала праз чырвоны калідор. Жанчына падала дэкларацыю на двухгадовага ката-шатландца Цішку вагой пяць кілаграм.
Чытайце таксама: Сабака беларускі паправіўся на 3 кг. Гэта выклікала пытанні на мяжы — склалі пратакол
Але сярод рэчаў мытнікі ўбачылі масажны стол «Atlas Sport» без бачных слядоў зносу коштам € 75,70. Па законе яго абавязкова трэба дэклараваць на мытні. Жанчына яго не дэкларавала, такім чынам, парушыла пункт 15 дадатку № 6 «Пералік катэгорый тавараў, якія не адносяцца да тавараў для асабістага карыстання», палічылі мытнікі, і склалі пратакол.
Справу разглядалі 11 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Там гродзенка распавяла, што ўвесь час выкарыстоўвае масажны стол для працэдур, якія праводзіць сыну з інваліднасцю. Ён ехаў з ёй у аўтамабілі. Ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што рабіць сыну масаж трэба кожны дзень.
Суддзя палічыў, што жанчына сапраўды парушыла ч. 1 арт.15.5 КаАП. Але не прынесла значную шкоду інтарэсам дзяржавы. Таму правапарушэнне прызналі малазначным, а справу спынілі.