19-гадовага хлопца з Гродна затрымалі за фатаграфіі вайсковай тэхнікі. Супраць яшчэ трох гродзенцаў распачалі завочныя крымінальныя справы. Маці палітвязня аштрафавалі за прадукты на € 80 ад «INeedHelpBY». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 25 па 31 сакавіка.
34 суды
Аб 34 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Ашмянах, Шчучыне, Мастах. Як правіла, рашэннем суда сталі штраф у 30 базавых велічынь (1200 рублёў) альбо арышт на 10 сутак.
Затрыманні
- У Гродне затрымалі 19-гадовага Кірыла Гаўрылава. Сілавікі прыехалі ў лес з пальбой, дзе хлопец нібыта спрабаваў забраць $ 200 са схованкі. Іх ён атрымаў за фатаграфіі вайсковай тэхнікі ад прыяцеля сябра, які ваюе ва Украіне. Затрымалі яго яшчэ 20 сакавіка.
- У Гродне затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка. Ён пакінуў «негатыўныя» каментары пра РФ пасля тэракту ў «Крокус Сіці Хол», заклікаў бамбіць расійскія гарады і абразіў Лукашэнку і сілавікоў.
- Шчучынец пакінуў некалькі каментароў пра тэракт у «Крокус Сіці Хол». Яго затрымалі. Відэа апублікаваў Telegram-канал «Пульс Гродно». Хлопца назвалі «сатаністам» і «анархістам» з-за яго татуіровак.



Новыя «экстрэмісты»
Марозаў Дзмітрый Пятровіч з Ваўкавыска і Варашэнь Уладзімір Мяфодзьевіч з Гродна 29 сакавіка папоўніў спіс «экстрэмістаў».
Новыя палітвязні
Арцём Мілашэвіч з Гродна прызнаны палітвязням пасля вызвалення без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды.
«Стаўлюся дрэнна, але не здзіўлены». Супраць блогера з Гродна распачалі крымінальную справу
Супраць Валерыя Руселіка (daroha), гродзенскага журналіста і блогера распачалі крымінальную справу. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook 26 сакавіка 2024 года. «Даведаўся на днях, што супраць мяне ў Беларусі ўсчатая крымінальная справа. Ходзяць па блізкіх, распытваюць. Падрабязнасцяў не ведаю», — напісаў блогер. У яго няма здагадак, па якім артыкуле на яго завялі справу.

Вадзім Саранчукоў і Алесь Кіркевіч патрапілі пад спецвытворчасць. Што ім пагражае?
Яшчэ двое гродзенцаў патрапілі пад спецвытворчасць. Гэта Вадзім Саранчукоў і Алесь Кіркевіч. Працэс супраць іх пачалі 29 сакавіка. Абодвух абвінавачваюць па ч.1, ч.2 артыкула 361−4 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». І Кіркевіч, і Саранчукоў эмігравалі з Беларусі.


Гродзенскія суды за год прызналі экстрэмісцкімі 59 рэсурсаў
Пракуроры ў Гродзенскай вобласці маніторылі сацсеткі і Telegram-каналы і знайшлі 62 «экстрэмісцкіх» рэсурса за 2023 год і пачатак 2024. Яны накіравалі іх у гродзенскія суды. 59 рэсурсаў ужо прызналі экстрэмісцкімі.
У Гродне судзілі маці палітвязня. Яна атрымала прадуктаў на € 80
Пенсіянерку Ірыну Панасік аштрафавалі за атрыманне замежнай дапамогі. Яна атрымала прадуктовы набор ад «INeedHelpBY», які купілі праз інтэрнэт-краму «Еўраопт». Верагодна, гэта маці палітвязня Валянціна Панасіка, асуджанага на шэсць гадоў калоніі.