Новы гродзенскі скейт-парк размясцілі на пляцоўцы побач з Палацам творчасці дзяцей і моладзі ў Каложскім парку.
У скейт-парку ўсталявалі рампы, піраміды, разгонкі, бэнкі. Тут можна катацца на скейтбордах, роліках, веласіпедах BMX, а таксама самакатах.
Умова — трымацца правілаў бяспекі
На ўваходзе ў скейт-парк размясцілі інфармацыю з правіламі-бяспекі для наведвальнікаў пляцоўкі. Там, напрыклад, забаронена катацца пасля дажджу, без шлемаў, а таксама іншых абарончых элементаў.
Таксама на пляцоўку забаронена праносіць вадкасці ў шкле, наносіць надпісы альбо выявы на элементы пляцоўкі.
Скейт-парк чакалі з 2020 года
Ідэю пабудаваць у Гродне скейт-парк агучвалі раней. У 2020 годзе чыноўнікі планавалі арганізаваць такую пляцоўку каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, а побач з ёй тэрыторыю для воркаўта. У 2022 годзе у Гродзенскім гарвыканкаме разглядалі ідэю стварэння скейт-парка на тэрыторыі школы № 8 на вуліцы Васілька.
Чытайце таксама: У Гродне хочуць адкрыць скейт-парк. Гэта ўжо трэцяя спроба ўладаў горада
Дзе раней тусілі гродзенскія скейтары
Першая ў горадзе пляцоўка для скейтараў і аматараў веласіпедаў BMX з’явілася ў верасні 2014 гады пад Старым мостам. Праіснавала яна крыху больш за год і зачыніліся. У 2016 годзе скейтараў запрасілі на пляцоўку каля OldCity, але надоўга яны там не затрымаліся. Казалі, што далёка ад цэнтра і нязручныя горкі. Пасля аматары скейтбордаў і ровараў пачалі збірацца ў цэнтры горада.
Таксама скейтары каталіся побач з драмтэатрам. У 2016 годзе, каб адвадзіць іх ад пляцоўкі, гранітныя парапеты абмазвалі салідолам.