Закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой прымусіла буйных і дробных перавозчыкаў падымаць стаўкі. Гэта не спекуляванне, а спроба кампенсаваць рост часавых выдаткаў, тлумачаць яны. У выніку рост коштаў скажацца на пакупніках.
Перавозчыкі ўжо ўзнялі кошты ў сувязі з істотным ростам чэргаў на мяжы. «У параўнанні з сярэдзінай мінулага месяца, калі яшчэ працавалі „Прывалка“ і „Катлоўка“, стаўкі выраслі прыблізна на 20%», — расказаў беларускі лагіст для «Нашай Нівы». Цэны могуць расці і далей: самі заказчыкі гатовыя плаціць больш, толькі каб тавар прыехаў хутчэй.
Перавозчык, які спецыялізуецца на дастаўцы грузаў бусамі, таксама падняў стаўку на 20%. Спецыфіка перавозак бусамі ў тым, што часта здараюцца перавышэнні вагі. З імі магчыма праехаць толькі праз Літву ці Латвію: на польскай мяжы гарантавана аштрафуюць.
Буйны перавозчык аўто з літоўскай Клайпеды тыдзень падняў стаўкі на € 100 за месца на аўтавозе для аўто, і на € 40 — для матацыклаў. Зараз перавозка аўто каштуе € 750, матацыкла — € 320. Магчыма, стаўкі вырастуць яшчэ. Максімальныя за час працы складалі па € 850 за аўто і € 350 за матацыкл. Праўда, літаральна за некалькі дзён да навін пра намер закрыць яшчэ два пункты пропуску стаўкі за перавозку аўто знізілі з € 700 да € 650.
Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству
Тысячы грузавікоў у чэргах
Найбольшыя чэргі зараз менавіта на літоўскай мяжы. У абодвух пунктах пропуску чакае ўезду ў Літву па больш чым 1100 вялікагрузаў. Уезду ў Беларусь чакае прыблізна столькі ж. У панядзелак на пункце «Мядзінінкай» («Каменны Лог») чакалі каля 1130 грузавікоў і 60 легкавых аўто, а на пункце «Шальчынінкай» («Беняконі») — адпаведна каля 1175 і 100, паведамляюць літоўскія крыніцы. На аўторак у «Шальчынінкай» стаіць прыблізна 40−45 легкавых аўто, пішуць кіроўцы ў чатах, прысвечаных мяжы. Час чакання для кіроўцаў легкавікоў складае каля 20 гадзін, на выезд з Беларусі - каля 16. У «Мядзінінкай» чарга складаецца са 105 машын.
Чытайце таксама: Адмена рэйсаў, падаражанне білетаў, яшчэ больш часу ў чэргах: як цяпер дабірацца з Гродна ў Польшчу і Літву?
На польскім кірунку стаўкі пакуль не выраслі
Зараз самы «хуткі» пераход — «Казловічы», падзяліўся лагіст. Час пераходу мяжы там павялічыўся нязначна. Але паступова на «Казловічы» пераключаюцца машыны з літоўскіх і латвійскіх кірункаў, і чарга расце і на ім. Імпарцёр тавараў з Польшчы, фуры якога едуць з Беластока, кажа, што прынамсі для іх перавозчыкі не падвышалі цану. Польскія службоўцы афармляюць вялікагрузы хутчэй, чым літоўскія. На шлях ад Беластока да лагістычнага цэнтра ў Беларусі разам з праходам мяжы сыходзіць трое сутак. На паездку ў абодва бакі - 7−8 дзён. У лютым ужо былі два такія рэйсы, расказаў імпарцёр. Па стане на вечар панядзелка выезду з Беларусі ў Польшчу чакала 300 фур.
Контрсанкцыі таксама паспрыяюць росту коштаў
Абяцаныя беларускімі ўладамі контрсанкцыі ў дачыненні да Літвы ў адказ на закрыццё «Райгардаса» і «Лаварышкес» таксама могуць паўплываць на рост цэн за дастаўку тавараў. Абмежаванні пачнуць дзейнічаць з 1 красавіка.
У спіс трапілі вырабленыя ў Літве: згушчанае малако і вяршкі, садавіна і арэхі, кава, фруктовыя сокі, воды, воцат, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будматэрыялы, халадзільнікі і маразільнікі. Незалежна ад краіны паходжання з Літвы нельга завозіць: воды, піва, віно, вінаграднае сусла, вермуты, іншыя зброджаныя напоі, этылавы спірт, воцат, шыны і пнеўматычныя гумовыя покрыўкі, адзенне і іншыя вырабы катэгорыі сэканд-хэнд, а таксама былыя ва ўжыванні запчасткі да аўтатранспарту.
Абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўвоз тавараў грамадзянамі для асабістага карыстання.
Уведзеныя абмежаванні пацягнуць за сабой змены лагістыкі, што таксама можа сказацца на выніковых коштах для спажыўца.