Навіны

Затрыманні на прадпрыемстве, штраф маме васьмярых дзяцей, суд за абразу Бондаравай. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Шчучыне прайшлі масавыя затрыманні на прыватным прадпрыемстве. Маці васьмярых дзяцей у дэкрэце аштрафавалі за падпіскі і лайкі. Мінчука асудзілі за тое, што ён назваў актывістку Вольгу Бондараву «российской мразью». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 11 па 17 сакавіка.

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Пра 16 судовых рашэнняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Воранаве, Гродне, Бераставіцы, Лідзе, Шчучыне, Навагрудку, Ашмянах. Маці васьмярых непаўналетніх дзяцей у дэкрэце аштрафавалі на 25 базавых велічынь (1000 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона. Яшчэ адну маці аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона за падпіску на Руслана Кулевіча.

Затрыманні

  • Лідчаніна затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і свастыкі (арт.19.11 і арт.19. 10 КаАП). Таксама сілавікі сцвярджаюць, што ён удзельнічаў у акцыях пратэстаў у 2020 годзе.
  • Гродзенца затрымалі за распаўсюд у Telegram нацысцкай сімволікі, негатыўныя выказванні ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, і заклікі байкатаваць і паліць НПЗ. Таксама яму інкрымінуюць удзел у масавых беспарадках і распальванне варожасці па нацыянальнай і іншых прыкметах.
  • Сілавікі 15 сакавіка прыйшлі з затрыманнямі на прыватнае прадпрыемства «РынаПласцік» у Шчучыне. Пра гэта пішуць праўладныя каналы.
  • У Гродне затрымалі дальнабойшчыка. Мужчына вярнуўся з Польшчы, дзе працуе. Яго затрымалі за ўдзел у мітынгах у 2020 годзе.

Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя

Telegram-канал з назвай «сПокойный Островец» прызналі экстрэмісцкім па рашэнні суда Астравецкага раёна ад 4 сакавіка 2024 года.

Instagram-акаўнты «weeklytopfake» і «pangenatawr» і YouTube-канала «Menavita Online» прызнаныя экстрэмісцкай інфармацыяй па рашэнні суда Лідскага раёна ад 11 і 12 сакавіка 2024 года.

Новыя «экстрэмісты»

Жукель Генадзь Мар’янавіч з Ліды 15 сакавіка папоўніў «спіс экстрэмістаў».

Новыя палітвязні

Палітзняволенымі прызнаны:

  • Наталля Захаранка, грамадзянка Украіны, абвінавачваецца ў шпіянажы; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме;
  • Аляксей Кулікоў, абвінавачваецца ў агентурнай дзейнасці па арт. 358−1 КК, падрыхтоўцы да акта тэрарызму па арт.289 КК і акта міжнароднага тэрарызму па арт. 126 КК; справа разглядаецца ў закрытым рэжыме.

Сям’ю ў Гродне асудзілі за плакат, у якім нібыта ўтрымлівалася абраза

Суд Ленінскага раёна Гродна 26 лютага вынес прысуд мужам Сяргею і Таццяне Чыж, якіх абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку па ч.2 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Наталля Козел, паведамляе «Вясна».

Іх затрымалі ў лістападзе 2023 года. Да суда Сяргей знаходзіўся пад вартай, а Таццяна — пад падпіскай, паколькі ў сям'і двое непаўналетніх дзяцей. Іх абвінавацілі ў тым, што ў жніўні 2020 года Сяргей і Таццяна разам з мітынгоўцамі прайшлі па Гродне. Пры гэтым дэманстравалі плакат 2,5×3 метра з тэкстам з нібыта паклёпам на Лукашэнку.

Суд прызначыў Сяргею Чыжу тры гады «хіміі», а Таццяне — тры гады «хатняй хіміі».

Плакат, за які судзілі сям’ю. Фота: праўладныя каналы

«Хіміка», які адбывае пакаранне, судзілі за атрыманне замежнай дапамогі

Ураджэнца Мінскай вобласці, які адбывае «хімію» ў ПУАТ Гродна і працуе ў мясцовым ААТ, судзілі за парушэнне ч.1 п. 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 7 ад 08.11.2021. Справу разгледзеў суд Кастрычніцкага раёна Гродна 15 лютага, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Верагодна, гэта Яўген Асіпчык, асуджаны за ўдзел у пратэстах.

Паводле версіі суда, мужчына з 2 снежня 2022 года да 17 красавіка 2023 года атрымаў 726 рублёў 73 капейкі замежнай бязвыплатнай дапамогі ад «IneedHelpBY», прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем — праз дастаўку інтэрнэт-крамы «Еўраопт».

Мужчыну аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) і спагналі атрыманую суму.

Яўген Асіпчык. Фота: «Вясна»

Беларус выпадкова лайкнуў відэа ў «Аднакласніках», дзе былі БЧБ-сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!». Яго арыштавалі

Мужчына выпадкова паставіў «клас» у «Аднакласніках» на відэа «Новы гімн беларускага АМАПа 2020! Яны яго заслужылі!». Там былі надпіс «Жыве Беларусь!» і сцяг бел-чырвона-белага колеру. Гэта палічылі пікетаваннем без дазволу — мужчыну судзілі паводле ч.1 арт.24. 23 КаАП. 1 сакавіка суд Лідскага раёна арыштаваў яго на 15 сутак, піша Telegram-канал «Право имеют».

Навагрудчаніна судзілі за пост у «Аднакласніках»

Кіроўца з Навагрудка размясціў у 2020 годзе ў «Аднакласніках» публікацыі, «якія змяшчаюць інфармацыю палітычнай накіраванасці». Гэта палічылі пікетаваннем.

Мужчына распавёў, што сапраўды размясціў іх, а пасля 2020 года не заходзіў у акаўнт. 5 сакавіка суд Навагрудскага раёна пастанавіў па ч. 1 арт. 24. 23 КаАП арыштаваць яго на пяць сутак без канфіскацыі тэлефона, піша Telegram-канал «Право имеют».

Гродзенца асудзілі за паклёп на Лукашэнку

У судзе Кастрычніцкага раёна вынеслі прысуд паводле ч. 1 арт. 367 КК — гродзенца асудзілі на два гады «хатняй хіміі» .

Гродзенец пад відэазапісам у Youtube «Протесты в Б.: возможно ли такое в Т. | АЗИЯ |
.****» публічна размясціў каментар, які нібыта прыніжае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым ён нібыта меў намер на публічнае распаўсюджванне загадзя ілжывых, якія прыніжаюць і ганяць гонар і годнасць.

Ён быў пад вартай да вынясення прысуду. «Вясна» сцвярджае, што гэта — Міхаіл Ляшуковіч.

Актывістку Ірыну Давідовіч зноў судзілі

Актывістку з Іўя Ірыну Давідовіч судзілі за пікетаванне па 24.23 ч.2 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». 15 сакавіка яе аштрафавалі на 60 базавых велічынь штрафу за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Гарадзенская вясна». Магчыма, гэта дзве розныя справы.

Актывістку Ірыну Давідовіч затрымалі 21 лютага. 23-га яе асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і арыштавалі на 10 сутак. Ірына Давідовіч пасля арышту выйшла на волю, але на яе складзены яшчэ адзін пратакол.

Ірына Давідовіч. Фота: «Гарадзенская праваабарона»

Мінчук назваў Вольгу Бондараву «российской мразью» — яго судзілі

20 лютага мінчук падчас агітацыйнага пікету назваў Бондараву «российской мразью». Яго затрымалі праз дзве гадзіны. Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 10.2 КаАП «Абраза». Пра гэта расказала сама Бондарава.

CК распачаў спецвытворчасць супраць трох гродзенцаў, якія зараз жывуць за мяжой

Палітычнага актывіста і заснавальніка крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенку і журналіста ды праваабаронцу «Вясны» Уладзіміра Хільмановіча абвінавачваюць паводле арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Інфармацыю аб распачатай спецвытворчасці апублікаваў Telegram-канал ведамства. Яшчэ раней спецыяльную вытворчасць пачалі ў адносінах да гродзенкі Вольгі Вялічкі.

Сяргей Верамеенка ў сваёй краме «Адметнасць» у Гродне. Фота з архіва Hrodna.life
Уладзімір Хільмановіч. Фота: «Гарадзенская правы»
Вольга Вялічка. Фота з архіва Вольгі

«Нарэшце выдаліць». Жыхара Ваўкавыска двойчы судзілі за адны і тыя ж дзве падпіскі

Жыхар Ваўкавыска распаўсюдзіў у «Аднакласніках» дзве суполкі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Яго аштрафавалі за гэта ў лістападзе 2023 года. Але мужчына не выдаліў спасылкі, таму ў лютым 2024 года яго судзілі зноў. У гэты раз ён паабяцаў выдаліць спасылкі.

Паўторнае рашэнне суду парушае важны прынцып — ніхто не можа быць судзімы двойчы за адно і тое ж дзеянне, патлумачыла для Hrodna.life Віка Рудзянкова, юрыстка «Вясны» і праваабаронца.

У беларускім СІЗА памёр літовец, затрыманы гродзенскай мытняй. Літва адправіла ноту ў МЗС

Часоваму выканаўцу абавязкаў пасла Беларусі ў Літве ўручылі ноту пратэсту ў сувязі са смерцю грамадзяніна Літвы Н.Р. у беларускім СІЗА. Смерць магла наступіць праз адсутнасць медычнай дапамогі, лічаць у Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Беларуска апублікавала відэа, дзе на секунду мільгае БЧБ-сцяг. Гэтага хапіла для суда

Жыхарка Вялікай Бераставіцы размясціла на старонцы ў «Аднакласніках» відэа, дзе на 15 хвіліне 29 секундзе бачны бел-чырвона-белы сцяг. Суд палічыў, што так яна ўдзельнічала ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024