Жыхар Ваўкавыска распаўсюдзіў у «Аднакласніках» дзве суполкі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Яго аштрафавалі за гэта ў лістападзе 2023 года. Але мужчына не выдаліў спасылкі, таму ў лютым 2024 года яго судзілі зноў. У гэты раз ён паабяцаў выдаліць спасылкі.

Жыхар Ваўкавыска не працуе, разведзены, у яго ёсць двое непаўналетніх дзяцей. Ён распаўсюдзіў інфармацыю суполак «Гродненская область перемен!» і «Витебская область перемен!».

У лістападзе 2023 года за гэтыя падпіскі яго аштрафавалі на 555 рублёў і канфіскавалі тэлефон. Але іх мужчына не выдаліў. У судзе ён распавёў, што не ведаў, як гэта зрабіць. Ваўкавысчанін шкадаваў аб «працягу супрацьпраўнай дзейнасці» і запэўніў, што па адбыцці спагнання «нарэшце» выдаліць спасылкі. На думку суда, гэта змякчае памер адказнасці.

Ваўкавысчанін папрасіў пакінуць яму новы тэлефон, бо ён не мае дачынення да правапарушэння. Яго арыштавалі на 10 сутак без канфіскацыі - яе палічылі ўжо выкананай.

Чытайце таксама: Як не стаць экстрэмістам ў Беларусі? Юрыст — аб пакаранні за падпіску, лайк і рэпост