Жонка Анджэя Пачобута б’е трывогу з нагоды страты сувязі з мужам. Затрымалі трох гродзенцаў. Суддзю з Гродна павысілі - ён выносіў палітычныя прысуды. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 4 па 10 сакавіка.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Аб 27 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Воранаве, Гродне, Ашмянах, Навагрудку, Смаргоні, Лідзе, Іўі, Зэльве, Ваўкавыску.
Затрыманні ў Гродне
- Гродзенца затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і блакаванне дарог.
- Гродзенца затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту — верагодна, 6 верасня 2020 года. Таксама мужчына нібыта пакідаў каментары на адрас супрацоўнікаў міліцыі і Лукашэнкі.
- Затрымалі майстра «Гроднажылбуд». У 2020 годзе мужчына нібыта ўзяў удзел у мітынгах. Таксама ён пакідаў негатыўныя каментары на адрас міліцыі ў Youtube і Telegram.
Жонка Анджэя Пачобута б’е трывогу з нагоды страты сувязі з мужам
Аксана Пачобут, жонка Анджэя Пачобута, паведамляе, што не ведае, што адбываецца з яе мужам. З 26 лютага яна не атрымлівала ад яго лістоў.
«Раней, калі не было лістоў з турмы, я турбавалася, што мой муж у карцэры. Цяпер, пасля шэрагу смерцяў у турме, я ўвесь час спадзяюся, што гэта проста карцэр», — напісала Аксана Пачобут у Facebook, піша glosznadniemna.pl.
Яна дадала, што тэрмін утрымання яе мужа ў спец камеры павінен быў скончыцца 28 лютага. Яго павінны былі перавесці з карцэра ў агульную камеру, але што адбываецца, невядома, бо Анджэй Пачобут перастаў выходзіць на сувязь.
Польская рэдакцыя аўтарытэтнага амерыканскага выдання правяла цырымонію ўзнагароджання сваёй прэміяй. Прэмія Newsweek імя Тэрэсы Тараньскай у намінацыі «Фігура 10-годдзя» дасталася Анджэю Пачобуту, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Гражыне Гетко дадалі 10 сутак арышту
Жыхарка Бярозаўкі Гражына Гетка, якая была затрыманая 16 лютага і пакараная на 15 сутак, атрымала яшчэ 10 сутак арышту і працягвае адбываць пакаранне, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Верагодна, суд прайшоў 19 лютага.
Новыя «экстрэмісты»
Былыя следчыя Астаповіч Андрэй Ігаравіч са Шчучына і Лобан Ігар Аляксандравіч з Гродна папоўнілі «спіс экстрэмістаў» 7 сакавіка. Таксама яго папоўніў Ляшуковіч Міхаіл Анатольевіч з Гродна.
15 сутак за два словы: міліцыя Лідчыны адкрыла для сябе X (Twitter)
Міліцыянты Лідскага раёна знайшлі сацсетку X (Twitter) і выявілі там пост «Жыве Беларусь!», які пакінуў мясцовы жыхар. Гэта палічылі пікетаваннем — мужчыну судзілі.
«Псеўда-статус палітвязняў». Яшчэ двух гродзенцаў аштрафавалі і прымусілі вярнуць грошы ад INeedHelpBY
У Гродне судзілі выхавацеля і маці непаўналетняга дзіцяці, а таксама самазанятага. Гродзенцаў аштрафавалі і спагналі сумы, якія яны атрымалі прадуктамі ад INeedHelpBY, прызнанай экстрэмісцкім фарміраваннем.
Мужчына з Ашмянаў напіўся і падарваў петарду: мог адбіўся б пяццю суткамі арышту, але ў тэлефоне знайшлі «экстрэмізм»
Беспрацоўны мужчына ў Ашмянах выпіў і падрываў петарды ў грамадскім месцы. Гэтым ён парушыў грамадскі парадак. Яго пакаралі б пяццю суткамі арышту, але пры затрыманні ў яго знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі ў TikTok і Youtube — тэрмін павялічыўся.
Навагрудчаніна арыштавалі за «палітычныя» ролікі ў «Аднакласніках»
Прадаўца з Навагрудка арыштавалі за два ролікі «палітычнай накіраванасці», якія ён размясціў у «Аднакласніках» «з мэтай усеагульнага агляду і выказвання сваіх палітычных поглядаў». Імі ён нібыта пікетаваў.
У ГУБАЗіК расказалі, колькі яны затрымалі летась за «экстрэмізм»
За нібыта «экстрэмісцкую» дзейнасць толькі супрацоўнікі ГУБАЗіК у 2023 годзе затрымалі ў Беларусі 1000 чалавек. Такую статыстыку прывёў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Андрэй Ананенка на СТВ у праграме «Па сутнасці!». Выпуск апублікаваны пад загалоўкам «Англасаксы выкарыстоўваюць беларусаў для тэрактаў».
Суддзю з Гродна павысілі. Ён выносіў палітычныя прысуды
Новых суддзяў прызначылі ў Гродзенскай вобласці. На павышэнне ў Гродзенскі абласны суд пайшоў Руслан Гурын, які быў суддзёй суда Ленінскага раёна Гродна. Ён судзіў Сяргея Рымшу, рэдактара newgrodno.by Ігара Рэмзіка, актывістку і намесніка старшыні Саюза палякаў Рэнату Дзем’янчук, рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік.