У аддзеле адукацыі гарвыканкама склалі рэйтынг лепшых школ Гродна. Гродзенская гарадская гімназія імя Дубко, якая знаходзіцца на вуліцы Парыжскай камуны, заняла першае месца. Астатнія два месцы ў тройцы найлепшых таксама занялі гімназіі.

Топ-3 школ Гродна па версіі аддзела адукацыі:

  1. Гродзенская гарадская гімназія імя Дубко
  2. Гімназія № 1 імя Карскага
  3. Гімназія № 10 імя Мітрапаліта Філарэта

Найлепшымі школамі Гродна (сярод негімназій) назвалі сярэднія школы № 11, 13, 8 і 32.

Рэйтынг школ Гродна грунтаваўся на ўдзеле вучняў у конкурсах, іх паспяховасці і эфектыўнасці засваення праграмы, з асаблівай увагай да ўдзелу школьнікаў у алімпіядах. Найлепшыя школы і гімназіі Гродна назвалі на пасяджэнні ў гарвыканкаме, расказаў тэлеканал «Гродна Плюс».

Патрыятычнае выхаванне і БРСМ — на першым месцы?

На сустрэчы ў выканкаме абмеркавалі таксама планы на наступны навучальны год. Яны ўключаюць працяг працы па патрыятычным выхаванні моладзі, актыўнае ўцягванне дзяцей у піянерскую арганізацыю і ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Цікава, што ў матэрыяле тэлеканала спачатку ўвагу надалі пытанням менавіта ідэалогіі ў школе, а ўжо потым адзначылі важнасць школьнага харчавання і якасці адукацыі.

Чытайце таксама: Беларускія школы незадаволены, што выпускнікі паступаюць за мяжу. Даходзіць да пагроз бацькам

Закранулі і іншыя пытанні. Напрыклад, чакаецца пастанова ўрада аб зменах пры падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года. Пакуль яна знаходзіцца на стадыі праекта.

— Адным з такіх сур’ёзных пытанняў - гэта, вядома ж, будзе новаўвядзенне па прыёмцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Гэта будуць уведзены новыя акты, новыя пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі. І гэта ўсё будзе залежаць толькі ад якаснай падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі ў летні перыяд, каб мы маглі своечасова і правільна прыступіць да новага навучальнага года, — распавёў Андрэй Семанчык, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама.

Увагу плануюць удзяліць пытанням бяспекі дзяцей у школах. Амаль у палове школ Гродна ўжо працуюць на ўваходзе супрацоўнікі Дэпартамента аховы, ёсць відэаназіранне. Да пачатку новага навучальнага года гэтая практыка павінна распаўсюдзіцца на ўсе школы горада.