Гродзенскага вулічнага музыкі затрымалі — ён спяваў песню «Стены рухнут». Яна заснаваная на гімне «Салідарнасці» і стала адным з сімвалаў пратэстаў у Беларусі. Як мяркуецца, затрыманы — гродзенец Аляксей Петрык.
На камеру мужчына распавёў, што яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў «ВКонтакте». Ён паабяцаў іх выдаліць. Сапраўды, старонка гродзенца цалкам зачышчаная.
Па словах сілавікоў, яго змясцілі ў ІЧУ. Таксама яны сцвярджаюць, што Аляксею ставіцца ў віну ўдзел у акцыях пратэстаў і каментары ў інтэрнэце.
Затрымалі музыку падчас выступу тры чалавекі ў цывільным (звычайна гэта робяць сілавікі ў абмундзіраванні). Адзін з іх зрабіў падсечку Аляксею, той упаў на плітку. Таксама відаць, як на зямлю ўкладваюць яго сябра — што з ім, невядома. Таксама на відэа бачна, што мужчыну хацелі затрымаць некалькі разоў. «Ну што, пойдзем?" — кажуць сілавікі на відэа вечарам. Але тады яго затрымліваць не сталі.
Раней за няправільныя колеры затрымлівалі музыку Аляксандра Гайваронскага.