У будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў плануюць адкрыць ЗАГС. Пра гэта паведамілі на сумесным стрыме старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.
«Канцэптуальнае рашэнне прынялі. Тут з’явіцца ЗАГС, а хутчэй нават Палац шлюбаў, дзе будуць вельмі камфортныя і прыгожыя ўмовы для гэтага», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Таксама ў палацы будуць праводзіць выставы і ўрачыстыя імпрэзы. Зараз праект рэканструкцыі карэктуюць, плануюць вырашыць пытанні з паркоўкай і пад’ездам да будынка.
У палацы планавалі адкрыць музей — але нічога не атрымалася
Будынак Палаца тэкстыльшчыкаў пачалі рэканструяваць у 2019 года. Працы вялі на сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы. Замянілі дах, узмацнілі перакрыцці сценаў і выканалі вонкавыя працы. Меркавалася, што будынак пасля рэканструкцыі здадуць у верасні 2021 года.
Гродзенскія мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы заклікалі арганізаваць у будынку мастацкі музей з прасторай для сучаснага мастацтва. Паводле ініцыятараў звароту да гарадскіх уладаў, Гродна — адзіны абласны цэнтр без мастацкага музея, а 90% мастацкай калекцыі гісторыка-археалагічнага музея не выстаўляецца.
Але ўлады вырашылі перадаць палац гісторыка-археалагічнаму музею пад экспазіцыю прыроды і гісторыі Гродзенскай вобласці: там мелі з’явіцца шкілет маманта, акварыум і партызаны. Але ў выніку праект паставілі на паўзу праз недахоп сродкаў, а палацу пачалі шукаць новае прызначэнне.
У лютым 2023 Уладзімір Каранік наогул казаў пра тое, што палац трэба прадаць.
Навошта гораду новы ЗАГС
У верасні 2023 года Упраўленне запісаў актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) Гродзенскага гарвыканкама на бульвары Ленінскага камсамола, 44 закрылі. Функцыі ЗАГСа на БЛК пачаў выконваць ЗАГС адміністрацыі Ленінскага раёна на вуліцы Віленскай, 1 і ЗАГС Кастрычніцкага раёна на вуліцы Сакалоўскага, 24.
Планавалася, што ЗАГС адміністрацыі Ленінскага раёна будзе распісваць маладажонаў у былым архіве на плошчы Тызенгаўза.
Палац, збудаваны задам наперад
Палац культуры тэкстыльшчыкаў - былы клуб тонкасуконнага камбіната. Яго збудаваў Гродзенскі абласны будаўнічы трэст № 11 паводле праекту 1947 года архітэктара Рожына. Будынак мусіў быць узорам архітэктуры класіцызму. На яго канчатковы выгляд паўплывала рашэнне ўрада СССР 1955 года аб ліквідацыі празмернасцяў у архітэктуры. Першапачатковы праект скарэктавалі: змяніўся галоўны фасад будынка, які выходзіць на Савецкую плошчу. Яго пазбавілі балконаў і значна спрасцілі карнізы.
Другі фасад, які выходзіць да Дома быту, захаваўся без зменаў. Праз гэта некаторыя гродзенцы лічаць, што палац збудавалі задам наперад.
Чытайце таксама: Экскурсія (вакол) аднаго дома. Палац тэкстыльшчыкаў
Магчыма, у XVI стагоддзі тут быў дом караля Баторыя ў Гродне. На месцы Палаца тэкстыльшчыкаў стаяў шэраг камяніц. Самай цікавай з іх лічаць камяніцу Явароўскага. Пабачыць будынак можна на малюнку Напалеона Орды XIX ст.