Праз суткі пасля паведамлення аб тым, што Літва закрывае два пункты пропуску на мяжы, цэны на білеты з Гродна ў Беласток засталіся ранейшымі. Гродзенскія перавозчыкі раздзяліліся: нехта сам спрабуе зразумець план далейшых дзеянняў, іншыя – ужо паведамляюць аб частковай адмене рэйсаў. Якімі будуць цэны з 1 сакавіка 2024 года, пакуль не ведае ніхто.
Цэны пакуль не змяніліся
21 лютага – у дзень, калі Літва аб’явіла аб хуткім закрыцці пунктаў пропуску “Прывалка – Райгардас” і “Катлоўка – Лаворышкес” – дабрацца з Гродна ў Беласток можна было за 90-100 рублёў ($27-30). Такія цэны былі ў гродзенскіх перавозчыкаў “Інтакс”, “Гродна Экспрэс”, “Трансагенцтва Фаварыт”, “Пазітыў-тур” і іншых. За такую ж суму прадавалі білеты і на 1-2 сакавіка – дні, калі пастанова літоўскага ўрада набудзе моц і праз “Прывалку” ўжо не будуць прапускаць у Літву.
Не змяніліся пакуль цэны і ў польскіх перавозчыкаў. Gaja Express (партнёр «Трансагенцтва Фаварыт» з польскага боку) у дзень, калі стала вядома аб закрыцці мяжы, прапаноўваў квіткі за 96 злотых (каля $24). Перавозчык «Jaćwing» прадаваў квіткі за 140 злотых (каля $36). Такія ж цэны стаялі і на квіткі на 1 сакавіка.
Што будзе на мяжы пасля 1 сакавіка?
Што чакае маршрут «Гродна – Беласток» пасля закрыцця Прывалкі? Пад выглядам пакупніка журналіст Hrodna.life патэлефанаваў у чатыры гродзенскія кампаніі – датэлефанавацца атрымалася да двух (яшчэ ў двух фірмах спрацоўвала галасавая пошта).
«Нічога няма, ніякай інфармацыі. Самі вось толькі пачыталі ў інтэрнэце, ніякай інфармацыі больш. Самі ў кіроўцаў пытаемся, што там на мяжы. Можа, зачыняць, можа, не зачыняць, можа, іншае што адчыняць. Пакуль невядома нічога», – сказалі ў фірме “Інтакс”.
Канкрэтнай інфармацыі няма і ў фірмы “ЗЭТ”: “Пакуль ніхто не ведае, як што пойдзе. У нас той маршрут, што з Мінска ішоў [“Мінск – Беласток – Варшава” – Hrodna.life], больш на Гродна не будзе заходзіць, толькі праз Ліду. Прыйдзецца да Ліды дабірацца і там – на Брэст. Да канца лютага гэтыя маршруткі будуць хадзіць праз Гродна, а далей – не. Па коштах пакуль незразумела, рублёў на 5-10, можа, даражэй стане. Гэта што тычыцца нашых кіроўцаў, пра іншых не ведаю, кожны перавозчык сам вырашае».
“Прывалка” была галоўным пунктам пропуску для гродзенцаў
Урад Літвы 21 лютага прыняў рашэнне закрыць два з чатырох пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Сярод іх – найбліжэйшы да Гродна пагранпераход “Райгардас” (з беларускага боку “Прывалка”). Менавіта на яго пераарыентавалася большасць перавозчыкаў, калі ў лютым 2023 года Польшча закрыла пункт пропуску ў Баброўніках.
Цэны на білеты з Гродна ў Беласток тады выраслі адразу на 33-38%, час у дарозе – на некалькі гадзін.


