Былы «Алми» на Альшанцы адкрываецца пасля абнаўлення і рэбрэндынгу. Зараз там будзе дыскаўнтэр ад «Алми» — «Выгода». Гэта першая ў Беларусі крама сеткі пад такой назвай.
Абноўлены супермаркет пачне працаваць з 22 лютага і адчыніць дзверы ў 14.00. На плошчы амаль 400 кв. м размесцяць больш за 800 найменняў тавараў, у тым ліку нехарчовыя, піша NewGrodno са спасылкай на прадстаўніка сеткі.
Для акцыйных тавараў вылучаць спецыяльную зону «Паспей купіць». Там можна будзе знайсці тавары для дома, сада, догляду і прыгажосці. Кожны тыдзень асартымент зоны будуць абнаўляць. Пакупнікі змогуць скарыстацца трыма касамі.
Час працы крамы — з 9.00 да 21.00, без выхадных.
Адкуль узялася новая крама?
Крама на Агінскага, 22 закрылася ў студзені 2024 года. Пры краме размясцілі аб’яву, што гэта часова. Пры гэтым у спісе гродзенскіх магазінаў на сайце сеткі «Алми» крамы на Агінскага няма.
Раней стала вядома, што расійскі ўласнік сеткі «Алми» закрыў свае арганізацыі ў Расіі і «трансфармуе» бізнес у Беларусі - частку пераводзіць у дэвелаперскую схему. Гэтыя перамены не звязаныя з пастановай 713 [аб рэгуляванні цен — Hrodna.life], падкрэсліў тады кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў.
Стваральнік сеткі «Алми» у Беларусі і Расіі Аляксандр Зарыбка родам з Пінска. Група кампаній з’явілася ў 2006 годзе. У 2016 годзе Зарыбка прадаў апошнія 30 расійскіх «Алми». Тады ж нідэрландская кампанія SPAR International падала даччынай кампаніі Almi Group ЗАТ «Юніфуд» ліцэнзію на кіраванне брэндам SPAR у Беларусі. У Гродне SPAR адкрылі ў 2019 годзе на вуліцы Пушкіна. Цяпер беларуская старонка SPAR не працуе.
Зараз у Гродне засталося пяць крамаў «Алми».
Чытайце таксама: