Беларуская дыктоўка на Дзень роднай мовы ў Гродне ў 2020 годзе. Фота з архіву Hrodna.life
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць штогод 21 лютага. Hrodna.life паглядзеў, якія імпрэзы можна наведаць і як да іх далучыцца — нават калі вы знаходзіцеся ў далёкім кутку свету. Асноўная падзея гэтага дня — беларуская дыктоўка.
Дзе б вы не знаходзіліся і які б тэкст для дыктоўкі вы не выбралі, вы заўсёды можаце напісаць менавіта «Гарадзенскую дыктоўку» (ужо 15-ю па ліку!).
Для гэтага проста раздрукуйце сабе фірмовы бланк дыктоўкі. Няхай добрая традыцыя працягваецца!
СЦЯГНУЦЬ БЛАНК У PDF
Агульнанацыянальная анлайн-дыктоўка пройдзе 21 лютага ў 19:00. Сёлета тэкст дыктоўкі будзе прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. Дыктоўку прачытае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Далучыцца да дыктоўкі можна па спасылцы. Арганізатары заклікаюць беларусаў унутры Беларусі карыстацца для бяспекі VPN. Поўны тэкст для самаправеркі можна будзе знайсці ў сацыяльных сетках Музея Вольнай Беларусі (Instagram и Facebook) адразу пасля заканчэння дыктоўкі.
У гэты ж дзень, 21 лютага, у 18.00 напісаць дыктоўку запрашае Кацярына Ваданосава. Анлайн можна далучыцца на канале «Мова Нанова Беласток». Або, калі вы самі ў Беластоку, можна прыйсці ў Хаб «Новая Зямля» (ul. Wyszyńskiego 6A/lok. 11). Кацярына прадыктуе тэкст Васіля Быкава.
З 13:00 да 14:00 можна далучыцца да анлайн-дыктоўкі, якую будуць трансляваць па канале «Культура» Беларускага радыё. Рэспубліканскую дыктоўку па беларускай мове прымяркуюць да Міжнароднага дня роднай мовы і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Афлайн дыктоўкі пройдуць у двух гродзенскіх універсітэтах — ГрДУ і ГрДМУ. У медыцынскім універсітэце дыктоўка пачнецца ў 11.00 у аўдыторыі № 20 па адрасе: вул.Горкага, 81. У Купалаўскім універсітэце — у 10.00, але аўдыторыю ў аб’яве не пазначылі.
Такім чынам, калі вельмі пастарацца, гродзенцы могуць цягам Дня роднай мовы напісаць пяць беларускіх дыктовак: дзве афлайн і тры анлайн.
У Тэатры лялек у Гродне 21 лютага пакажуць «Паэму без словаў» — пластычна-відовішчны артэфакт у 4-х карцінах паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане».
У Мірскім замку з 21 па 27 лютага прапануюць зніжку 25% на экскурсію па асноўнай экспазіцыі на беларускай мове.
Чэлендж «Мова краіны маёй» сярод падлеткаў праводзяць Гродзенскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі і рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Удзельнікам неабходна запісаць тэматычны відэаролік на беларускай мове пра культурныя, архітэктурныя, гістарычныя ці спартыўныя аб’екты або пра сучасных ці гістарычных выбітных асобаў Гродзенскай вобласці, якія цікавыя моладзі. Зняўшы відэаролік, карыстальнік перадае эстафету тром сябрам і прапануе працягнуць чэлендж.
Беларуская дыктоўка была важным элементам святкавання Дня роднай мовы ў Гродне з 2007 да 2020 года. Праводзіць такія дыктоўкі пачалі гродзенскія грамадскія актывісты, а з часам ініцыятыву падхапілі і дзяржаўныя органы. Таксама дыктоўку праводзіў прыватны бізнес — «Лідскае піва».
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…