На цэнтральным пляжы горада Нёман падабраўся да «грыбкоў» і пліткі перад ратавальнай станцыяй. На пляжы ў Пышках частка лавачак засталася пад вадой, з якой недарэчна тырчаць сметнікі і пляжныя кабінкі, а рака падабралася да самых сходаў на схіле. Што прагназуюць спецыялісты?

У Пышках пад ваду сышло больш за 5 м берага. Прычынай паводкі стала адліга ў лютым, якой папярэднічала шмат снегу. Узровень вады ў Нёмане падняўся амаль на два метры адносна таго, якім ён быў летам, расказалі на «Беларусь 1». Да жылых дамоў вада не дабралася.

У Слонімскім раёне затапіла 89 двароў, з іх 80 — у самім Слоніме, дзевяць — у вёсцы Вялікія Шылавічы. Дамы вада не закранула.

У Гродне вада спадае, у Слоніме — на небяспечнай вышыні

Цяпер на рэках Гродзенскай вобласці назіраюць ваганні ўзроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1−18 см, паведамляе Гроднааблгідрамет. У самім Гродне ўзровень вады ідзе на спад.

На рацэ Шчара каля Слоніма, на Нёмане ў нізінных месцах ля аграгарадка Беліца ў Лідскім раёне і на рацэ Нараў каля вёскі Немержа вада знаходзіцца на пойме. Каля Слоніма ўзровень вады блізкі да небяспечнай высокай адзнакі, пры якой адзначаюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый.

Рэкі Гродзенскай вобласці практычна цалкам ачысціліся ад лёду, толькі на некаторых прытоках месцамі адзначаюць рэшткавыя палосы лёду ля берагоў. Тэмпература вады ў Нёмане каля Гродна — каля 0,5°С.

У найбліжэйшыя дні захоўваецца плюсавая тэмпература паветра з невялікімі ападкамі. У пятніцу — да +9 С, з нядзелі - пахаладанне.