Горад

(Бяз)выбары: як беларускія гарады змяняюцца праз электаральныя кампаніі

Перад чарговай электаральнай кампаніяй беларускія гарады змяняюцца. Па ўсім горадзе мы бачым плакаты і банэры, дзе на фоне чырвона-зялёнага сцяга напісана дата бліжэйшых «выбараў». Кіраўніцтва дзяржаўных устаноў збірае супрацоўнікаў і супрацоўніц, каб нагадаць, як важна аддаць свой «грамадзянскі доўг». Пажадана — датэрмінова. Школы, каледжы, цэнтры культуры і іншыя ўстановы ператвараюцца ў выбарчыя ўчасткі. Пра тое, што цікавага адбываецца ў беларускіх гарадах напярэдадні выбараў, у падкасце «Утульны горад» пагаварылі з дэпутаткай Мінгарсавета Вольгай Цесаковай.

У гэтым выпуску абмяркоўваем:

  • Як змяняюцца беларускія гарады перад чарговай электаральнай кампаніяй?
  • Якая карысць можа быць ад людзей, якія стаяць на вуліцах з пікетамі?
  • Чаму варта галасаваць на выбарах мясцовых cаветаў, калі не верыць у іх шчырасць?
  • Ці магчыма гарадскім актывістам і актывісткам стаць дэпутатамі і дэпутаткамі?
  • Што добрага для горада могуць зрабіць дэпутаты і дэпутаткі, калі ў іх вельмі сціплыя паўнамоцтвы?

Слухайце размову цалкам у аўдыёверсіі або чытайце асноўныя тэзісы ў скароце ніжэй.

Беларускія ўлады абвесцілі нядзелю 25 лютага 2024 года адзіным днём галасавання. Хаця дзень гэты называецца адзіным, 25 лютага — не адзіная дата, калі можна будзе прагаласаваць. Па старой беларускай традыцыі яшчэ цэлы тыдзень напярэдадні выбараў будзе ісці датэрміновае галасаванне.

Аднак у гэтай электаральнай кампаніі ёсць элемент навізны. Грамадзянам і грамадзянкам прапануецца адначасова галасаваць і за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (так званы парламент), і за кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

У адных — падвышаная пенсія, у іншых — бясплатная праца: якія правы ёсць у дэпутатаў

Многім няпроста сказаць, чым насамрэч займаюцца гэтыя ўстановы. Калі орган не мае рэальнай улады, складана запомніць, у чым яго намінальная функцыя. Афіцыйна Палата прадстаўнікоў - ніжэйшая палата беларускага «парламента» — Нацыянальнага сходу. Дэпутаты і дэпутаткі Палаты мусяць займацца прадстаўленнем інтарэсаў грамадзян і стварэннем законаў. Дэпутаты атрымліваюць заробак за сваю дзейнасць, а пасля сканчэння мандату — права на падвышаную пенсію.

Фота: vitvesti.by

Мясцовыя cаветы — гэта прадстаўнічы орган, які не мае права заканатворчай ініцыятывы. Асноўная іх функцыя — зацвярджаць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, мясцовыя бюджэты і справаздачы пра іх выкананне. Дэпутаты і дэпутаткі мясцовых cаветаў не атрымліваюць заробак за сваю дзейнасць, затое атрымліваюць права першачаргова трапляць на прыём да прадстаўнікоў выканаўчай улады, хутчэй, чым людзі без мандату, атрымліваць адказы на звароты, а ў адказах — яшчэ і больш поўную інфармацыю.

Чытайце таксама: Выбары на Гродзеншчыне: менш за палову кандыдатаў у дэпутаты апублікавалі свае праграмы. Ды і тыя падобныя як дзве кроплі

Мясцовыя саветы: патрапіць немагчыма, але паўплываць можна

Для гарадскіх актывістаў і актывістак дэпутацкі мандат дапамог бы вырашаць разнастайныя ўрбаністычныя пытанні больш хутка і эфектыўна нават з улікам іх сціплых паўнамоцтваў. Аднак патрапіць у мясцовыя саветы ў беларускай рэальнасці амаль немагчыма для «выпадковага» чалавека. Звычайна ў гэты «элітны клуб» трапляюць асобы, якія ўзначальваюць дзяржаўныя прадпрыемствы або ўвогуле працуюць у адпаведных выканкамах. Аднак нават ад такіх персон гараджане могуць атрымаць пэўную карысць.

Існуе такі панятак — дэпутацкі наказ. Гэта фрагмент праграмы развіцця на бліжэйшае скліканне, якое мусяць выканаць улады. Калі падчас агітацыі вы падыдзеце да пэўнага кандыдата ці кандыдаткі, якіх заўважыце з пікетам, і прапануеце ўключыць у іх праграму вырашэнне якой-небудзь гарадской праблемы, ёсць верагоднасць, што выканаўчыя ўлады хуткім часам сапраўды яе вырашаць. Такімі праблемамі могуць быць рамонт дарог у пэўным мікрараёне ці добраўладкаванне парку.

Ці ісці галасаваць 25 лютага — вырашаць кожнаму. Вольга Цесакова лічыць, што варта гэта зрабіць прынамсі для сваёй уласнай забавы і каб не спрашчаць жыццё рэжыму: калі галасаваць увогуле б ніхто не хадзіў, не даводзілася б і чальцам выбарчых камісій ісці на працу ў выходныя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025