Святары актыўна ўдзельнічаюць у прапагандысцкай агітацыйнай кампаніі за ўдзел у выбарах у адзіны дзень галасавання. Пераважна гэта праваслаўныя святары, але ёсць і каталіцкі. Пакуль гэта адбываецца толькі ў Гродзенскай вобласці.
Святары выступаюць як аўтарытэты ў рэгіянальных праўладных выданнях, заўважыла «Хрысціянская візія». Яны заклікаюць вернікаў ісці галасаваць — каб на безальтэрнатыўных выбарах была высокая яўка.
Так, у газеце Астравецкага райвыканкама «Астравецкая праўда» на выбары кліча протаіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы. «У кожнай суверэннай і незалежнай дзяржаве павінна быць моцная і дзейсная ўлада, якая можа і павінна паклапаціцца аб сваіх грамадзянах і абараніць іх у выпадку неабходнасці. А задача грамадзян — абраць такую ўладу», — кажа ён у публікацыі пад загалоўкам «Айцец Георгій ідзе на выбары і заклікае да гэтага сваіх прыхаджан».
«На кожнай літургіі мы молімся аб уладзе і ваярстве нашай краіны», — дадае святар.
Мікалай Уцякалка, пробашч парафіі Святога прарока Іллі ў вёсцы Альхоўцы і храма свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны заявіў, што «ўдзел у выбарах — гэта не толькі права, але і абавязак кожнага грамадзяніна краіны». «Да гэтага я заклікаю і сваю паству. Бо нездарма кажуць: у кожнага народа тая ўлада, якую ён выбірае», — цытуе яго тое ж выданне.
Чытайце таксама: «Быў бы ў Беларусі - мусіў бы маўчаць». Гродзенскі святар — пра сыход з Маскоўскага патрыярхату, пакліканне і крызіс царквы
Анатоль Разановіч, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга ў Смаргоні, выказаўся за галасаванне ў публікацыі «Паслушэнства перад народам і дзяржавай» смаргоньскай газеты «Светлы шлях». Падтрымаў прынцыпы дзейснай улады і настаяцель храма новапакутнікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай у Скідзелі протаіерэй Кірыл Блізнюк у публікацыі «Перспектывы».
З каталіцкіх святароў для «Лідскай газеты» выказаўся пробашч касцёла Наведвання Маці Божай Тракельскай Юрый Бяганскі. Ён таксама паклікаў ісці на выбары.
У газеце «Iўеўскі край» распавялі, што старшыня райвыканкама правёў сустрэчу са святарамі. Там ён сказаў, што ўсе павінны выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў або ў дні датэрміновага галасавання.
25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання для выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Многія кандыдаты нават не публікуюць свае праграмы: падобна, па кожнай акрузе ўжо ёсць вызначаны загадзя пераможца. З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя АБСЕ, ЕС і ЗША дэмакратычнымі.
Чытайце таксама: Гродзенка, якую судзілі за БЧБ-штаны, паклікала на выбары і сфатаграфавалася з Дудко