Беларускі журналіст Юрась Дзяшук, які жыве ў Беластоку, выклікаў жорсткія спрэчкі сваім пастом пра цану малака. Ён схадзіў у папулярны польскі дыскаўнтар Biedronka і прыйшоў да высновы, што цэны на малако там такія нізкія, што жыхары Польшчы могуць штодня прымаць малочныя ваны. Каб спраўдзіць гэта, Hrodna.life параўнаў цэны на малако ў дзвюх краінах.
Дзяшук сфатаграфаваў цэннік на малако тлустасцю 2% - у Biedronka яно прадаецца па 1,59 злотых за літр. Паводле курса Нацыянальнага банка Беларусі - 1,27 рублёў.
Журналіст звярнуў увагу, што гэта цана менавіта за літр малака, а не за 900 мл, 850 мл або 830 мл — аб’ёмы, у якія зараз звычайна разліваецца малако ў Беларусі.
Пад пастом Дзяшука хутка з’явілася 138 каментарыяў - і далёка не ўсе згодныя з яго высновамі.
Хопіць на малочныя ванны?
Юрась паспрабаваў вылічыць, колькі малака можа купіць за сярэдні заробак, якія зараз атрымліваюць на рукі ў Польшчы. Паводле яго падлікаў, кожны дзень паляк можа купляць 111 літраў малака. «З такімі коштамі ў „галоднай“ Польшчы можна штодня прымаць малочныя ванны», - піша журналіст.
А ў Беларусі? У снежні 2023 года сярэдні заробак на рукі, пасля сплаты ўсіх падаткаў, складаў каля 1953 рублі. Такім чынам, штодзённа ў Беларусі можна набываць амаль 25 літраў малака «Савушкин» з тлустасцю 1,5%. Ці амаль 37 літраў малака «Беллакт» з тлустасцю 2,3%. Аднак снежаньская сярэдняя зарплата заўсёды анамальна высокая за кошт розных дадатковых выплат, якія робяцца ў канцы года. Таму больш рэлевантна выкарыстаць сярэдні заробак за лістапад 2023 — каля 1699 рублёў на рукі. За гэтыя грошы можна купіць 21,6 літраў малака «Савушкин» з тлустасцю 1,5% альбо 32 літра малака «Беллакт» з тлустасцю 2,3%.
Пры гэтым на штодзённыя малочныя ванны ўсё ж не хопіць ні паляку, ні беларусу. У самых малых ваннах аб’ём — 140 літраў, а звычайна ён большы — 170−200 літраў.
Такая цана — толькі па зніжцы?
Некаторыя з карыстальнікаў Facebook заўважылі, што гэта цана за малако са зніжкай. Моцнае зніжэнне цэн на прадукты яны звязваюць жорсткай з маркетынгавай вайной, якую пачалі буйныя польскія дыскаўнтары Biedronka і Lidl.
Без зніжкі жа літр малака 2% тлустасці каштуе 2,99 злотых, гэта 2,39 рублёў.
«Тое, што ты купляеш яго ў сваёй Бедронцы за такі кошт, не азначае, што яно столькі каштуе», — адказаў Юрасю карыстальнік Facebook Вадзім Белы.
Агулам у польскіх крамах цэны за літр малака могуць істотна адрознівацца. Без зніжак — ад 2 да 6 злотых (1,6 — 4,8 рублёў). Усё залежыць ад вытворцы, тлустасці і крамы, у якой прадаюць малако.
У Беларусі ў краме «Еўраопт» самы танны літровы пакет малака ад «Беллакт» тлустасцю 2,3% каштуе 1,76 рублёў. Адзін літр малака «Савушкин» з тлустасцю 1,5% каштуе ў краме «Еўраопт» 2,61 рублі. Літр малака «Беллакт» з тлустасцю 2,3% у пакеце каштуе 1,76 рублі, а 3,2% - 2,08 рублёў.
Чытайце таксама: Гуркі таннейшыя ў Вільні, апельсіны ў Беластоку, а яблыкі ў Гродне. Параўналі кошты на «вітаміны» ў канцы зімы
Многія падпісчыкі паспрабавалі давесці Юрасю Дзяшуку, што нярэдка малако ў Польшчы прадаецца даражэй, чым у Беларусі. Але той не здаецца — і стварыў яшчэ адзін пост, дзе даказвае, што малако ў Польшчы таннейшае. Гэты пост сабраў 29 каментароў і зноў выклікаў спрэчкі.