У вёсцы Лойкі, што ў 12 км ад Гродна, прадаецца амаль стогадовы будынак у стылі неабарока. Гэта міжваенная сядзіба гміны – польскага аналага сельсавета. Дзяржава прадала яго яшчэ ў 2016-м, але новыя гаспадары не далі рады аднавіць будынак. Зараз ён выстаўлены на “Куфар”.
“Панский дом 1927г постройки,настоящий царский керпич. Бывшее здание амбулатории. 12км от города,сразу за Заречанкой.Все вопросы по телефону.Ограничений нет. Хорошо подойдёт под частный дом пристарелых”, – піша прадавец (арфаграфія аўтара захаваная).
За двухпавярховы будынак плошчай 700 кв.м. ён хоча $68 500.


10 гадоў таму каштаваў у два разы танней
Будынак, паводле даследчыка Анатоля Федарука, быў пабудаваны ў 1920-я гады. Прадавец удакладняе ў аб’яве, што год пабудовы – 1927. Аднак па версіі канала “Спадчына”, ён быў узведзены ў 1932 годзе.
Спачатку гэта была сядзіба гміны, у часы Другой сусветнай – нямецкая камендатура. У пасляваенны час у будынку працавала школа, амбулаторыя і аптэка.
Будынак прадаваў Сапоцкінскі сельсавет у 2015 годзе за $25 000 па тагачасным курсе. У 2016-м яго набыў прыватны ўласнік, але ўжо ў 2018 адмовіўся ад ідэі і выставіў яго на продаж на “Барахолцы” Onliner.by. Іван (такое імя было ў аб’яве) тлумачыў, што спачатку хацеў адкрыць аграсядзібу, але потым яго жыццёвыя планы быццам бы змяніліся і ён з’язджае жыць за мяжу – таму і прадае будынак. За яго ён хацеў $70 000, бо правёў некаторыя работы: заліў сцяжку на падлозе, правёў электрычнасць, ваду і каналізацыю. На той момант прадавец ацэньваў, што ўкласці ў будынак трэба было мінімум яшчэ $70 000.


Сёння стан будынка пакідае жадаць лепшага: на даху растуць бярозы, патрэбная рэстаўрацыя вокнаў, дзвярэй, рамонт даху і цалкам унутраны рамонт.
Пры гэтым пакупнік можа зрабіць з домам што заўгодна. Будынак не мае ніякага ахоўнага статусу. Але ёсць важная абставіна – увесь час у левай частцы будынка жыве сталая жанчына.
Чым адметны стыль будынка
Стыль неабарока, які таксама называюць дварковым або польскім нацыянальным, – гэта від польскага мадэрну. Ён быў папулярны ў 1920-я гады. У такім стылі будавалі чыгуначныя вакзалы, адміністрацыйныя будынкі, жыллё для чыноўнікаў (так званыя “чыноўніцкія калоніі”). Галоўная асаблівасць – будынкі ў такім стылі нагадваюць шляхецкія сядзібы. Цікавыя прыклады будынкаў у гэтым стылі можна пабачыць на вуліцы Свярдлова і на Горкага ў Гродне.



