Кавярню “Дюна” рыхтуюць да адкрыцця на вуліцы Маставой, 31. Уладальнікі абяцаюць, што “не выязджаючы з горада вы зможаце зайсці ў кафэ, якое нагадвае пра адпачынак, сонца і цяпло”. Дата адкрыцця папярэдне прызначана на люты 2024. У памяшканні зараз адбываецца рамонт.
Кавярню адкрыюць у памяшканнях былога буціка прыгажосці LELE – па суседстве з кавярняй “Проходная” і караоке-барам “Эхо”.

У кавярні не будзе складанай ежы. Вядома, што адной са страў будуць венскія вафлі. Астатняга меню яшчэ не прэзентавалі. Затое ўласнікі паказалі посуд, які выбралі для сваёй установы. Таксама вядома, што ў кавярні будзе кава на пяску – рэдкі для Гродна спосаб прыгатавання гэтага напою.
У новую кавярню шукаюць повара, барыста, а таксама гаспадыню.

Пясочныя колеры і расліны ў вазонах
Інтэр’ер новай кавярні плануюць выкананаць у цёплых пясочных колерах – адпаведна назве. На столі і калонах хочуць пакінуць не затынкаванай цэглу з жоўтым адценнем. У памяшканні хочуць размясціць высокія расліны ў вазонах.


У Instagram уласнікі спыталіся гродзенцаў, з чым у іх асацыюецца назва “Дюна”. Аказалася, што перадусім з расійскім гуртом “Дюна”, а таксама цыклам фантастычных раманаў Фрэнка Герберта. Але адсылак да іх у новай установе, здаецца, не плануецца.
Не адзіная кавярня, якую рыхтуюць да адкрыцця ў Гродне
На вуліцы Калючынскай, 12 рыхтуюць да адкрыцця кавярню і арт-студыю “Вкус искусства”. Яна знаходзіцца ў памяшканні над барам “Куба”. Зараз адбываецца рамонт новай прасторы. Інтэр’еры памяшкання — сцены, столь, мэбля — будуць у цёмна-сінім, чырвоным і белым колерах.
Чытайце таксама: У цэнтры Гродна адкрыецца кавярня, спалучаная з арт-студыяй: будуць ноткі сюррэалізму, віно і творчасць


