Сілавікі ў трэці раз правялі затрыманні на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы. Як мінімум шэсць жыхароў вобласці трапілі ў міліцыю з-за данатаў. У замежжы памёр гродзенец, які адзіны сышоў у стачку на тытунёвай фабрыцы. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 студзеня па 4 лютага.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Аб 22 судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Шчучыне, Гродне, Ваўкавыску, Навагрудку, Ашмянах, Лідзе, Зэльве. Судзілі непрацуючых, прадаўца, вадзіцеля, дырэктара, зваршчыка і інжынера.
Новыя палітвязні
Раман Шчарбакоў з Астраўца і Аляксандр Яшкін з Гродна 30 студзеня прызнаныя палітвязнямі.
Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
- Instagram-акаўнта «kastus.suprac» і яго лагатып прызнаў экстрэмісцкім суд Лідскага раёна 1 лютага.
- Instagram-акаўнт «belaruscats» і яго лога таксама прызнаў экстрэмісцкім суд Лідскага раёна 30 студзеня 2024 года.
У Ваўкавыску затрымалі двух братоў
Братоў затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе. Адзін з іх працуе на прадпрыемстве «Беллакт».
12 жыхароў Ваўкавыска судзяць за ўдзел у пратэстах
СК перадаў справу паводле ч. 1 арт.342 КК у дачыненні да 12 чалавек у суд у лістападзе 2023 года. У жніўні 2020 года на гарадской плошчы ў Ваўкавыску яны нібыта ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мітынгу, утварылі счэпку, перагарадзілі праход па ходніках і частцы плошчы. Пра гэта распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК Гродзенскай вобласці Іна Пазняк карпаратыўнаму радыё «Гродна Азот».
Верагодна, гаворка ідзе і пра 10 ваўкавысцаў, якіх пачалі судзіць разам у пачатку студзеня, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Беларус ездзіў з музыкай на аўтамабілі падчас пратэстаў - яго будуць судзіць
У суд накіравалі крымінальную справу па шасці «злачынствах». Беларус нібыта з кастрычніка 2019 года да чэрвеня 2023-га збіраў сярод замежных знаёмых грошы для экстрэмісцкіх фармаванняў.
Таксама яму ставяць у віну, што ён ездзіў на аўтамабілі з гукаапаратурай «з мэтай публічных заклікаў асоб для ўдзелу ў супрацьпраўнай дзейнасці». Пра гэта распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК Гродзенскай вобласці Іна Пазняк карпаратыўнаму радыё «Гродна Азот».
Затрыманні ў Бярозаўцы
Сілавікі 30 студзеня ў трэці раз правялі затрыманні на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы. За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце затрымалі больш за пяць работнікаў.
Затрымалі сем чалавек: трох мужчын і чатырох жанчын. Мужчынам далі 15 сутак і возяць у Сцеркава перабіраць смецце, жанчынам — па 30 базавых велічынь (1200 рублёў) штрафу, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Знікла маці палітвязня Андрэя Сачэўка — верагодна, яна затрыманая
Наталля Сачэўка тыдзень не выходзіць на сувязь, дома яе няма. Вядома, што падчас масавай аблавы 23 студзеня ў Беларусі супрацоўнікі КДБ прыходзілі і да яе. Верагодна, цяпер жанчына ў руках у сілавікоў, паведамляе MAYDAY TEAM.
Наталля Сачэўка — маці палітвязня Андрэя Сачэўка, які адбывае свой тэрмін у турме № 4 Магілёва.
Пераслед за данаты
Спачатку сілавікі апублікавалі відэа з трыма жыхарамі вобласці. Адзін з іх прадстаўляецца жыхаром Гродна, другі — ІП са Шчучына, трэці — жыхаром Слоніма. Жыхар Гродна перавёў € 17 BYSOL, іншыя жыхары вобласці данацілі Nexta. Яны нібыта добраахвотна прыйшлі ў міліцыю і раскаяліся. У дабрачынныя арганізацыі нібыта для змяншэння шкоды яны накіравалі па $ 500, $ 1000 і 1500 рублёў.
Пазней яшчэ да траіх жыхароў Гродзенскай вобласці прыйшлі з-за данатаў. Два гродзенцы і лідчанін трапілі да сілавікоў. Гродзенец данаціў праз PayPal і Facebook Nexta і BUSOL. Лідчанін данаціў «Стране для жизни», яшчэ адзін гродзенец — BYPOL. Сумы данатаў— $ 25, € 10, € 3. Мужчыны «пакрылі шкоду» і напісалі яўку з павіннай.
У замежжы памёр гродзенец, які адзіны сыйшоў у стачку на тытунёвай фабрыцы
30 студзеня памёр гродзенец Аляксандр Куваннікаў. Ён з’ехаў у Польшчу праз патэнцыйны палітычны пераслед і жыў у Быдгашчы. У 2020 годзе ён быў адзіным, хто сыйшоў у стачку на тытунёвай фабрыцы. Аб смерці паведамілі яго сябры і напісалі ў чатах беларусаў замежжа.
Міліцыянт з Ліды, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у 2020 і жыў у Літве, вярнуўся ў Беларусь
Былы міліцыянт Аляксандр Маціевіч, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў, жыў у Літве і займаўся ўсталёўкай вокнаў. Зараз яны з жонкай «спешна пакінулі Літву». Былы сілавік вярнуўся ў Беларусь.
Былы дырэктар матрацнай фабрыкі пад Гроднам хацеў стаць дэпутатам, але нешта пайшло не так
Андрэй Барбашынскі - заснавальнік кампаніі «Белабедзінг», якая вырабляла матрацы ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» — збіраўся стаць дэпутатам Гродзенскага абласнога савета. У 2020 годзе ён быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Але гэта не дапамагло — па нейкай прычыне яго не зарэгістравалі кандыдатам.