Былы беларускі міліцыянт, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў, перабраўся з жонкай жыць у Літву. Там ён займаецца ўсталёўкай вокнаў, паведаміў BELPOL.

Працаваў у Лідскім РАУС, меў званне маёра

Былы міліцыянт — 33-гадовы ўраджэнец Дзятлава Аляксандр Маціевіч. З 2010 года ён працаваў у органах унутраных спраў. Апошняя пасада, якую ён займаў у структурах, — старэйшы інспектар Інспекцыі па справах непаўнагадовых Лідскага РАУС. Меў званне маёра міліцыі.

У 2020 годзе быў пацярпелым

Паводле BELPOL, мужчына ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць мірных грамадзянаў. Праходзіў «пацярпелым» па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі.

Паводле матэрыялаў справы, дзяўчына ў скверы каля лідскага Фарнага касцёла спрабавала не дазволіць міліцыянтамі затрымаць пратэстоўцаў. Яна быццам бы збіла двух афіцэраў Лідскага РАУС, у тым ліку сарвала з Маціевіча пагон. Гэта палічылі парушэннем цялеснай недатыкальнасці супрацоўніка органаў. Маціевіч быццам бы адчуў «фізічны боль і пакуты».

Былога міліцыянта вернуць у Беларусь?

Супрацоўнікі BELPOL перадалі матэрыялы ў дзяржаўныя органы Літвы. Былыя беларускія сілавікі спадзяюцца, што там прымуць рашэнне дэпартаваць Маціевіча ў Беларусь.

Чытайце таксама: Бондарава ўступіла ў канфлікт з галоўным міліцыянтам Гродзеншчыны: кажа, што адчувае «іспанскі сорам» за сілавікоў