У 2023 годзе ў Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры нарадзіліся 2875 дзяцей. Гэта на два менш, чым у 2022 годзе. І на 683 менш, чым у 2018. Hrodna.life паглядзеў статыстыку абласной радзільні за апошнія шэсць гадоў.

У 2023 годзе самай маладой маці ў гродзенскім раддоме была 14 гадовая дзяўчына, якая нарадзіла хлопчыка вагой 3,35 кг. Найстарэйшая маці – 45-гадовая жанчына, якая нарадзіла ўжо сёмае дзіця. Агулам у радзільні прынялі 42,4% ад усіх родаў у Гродзенскай вобласці.
Колькі дзяцей нарадзілася ў гродзенскай радзільні ў папярэдні гады
Шэсць гадоў запар колькасць дзяцей, якія з’яўляюцца на свет у Гродзенскім перынатальным цэнтры, змяншаецца. Выключэнне – 2021 год, калі быў зафіксаваны невялікі рост. Агулам жа ў 2023 годзе тут нарадзілася на 19% менш дзяцей, чым у 2018.
Колькасць дзяцей, што нарадзілася ў гродзенскім раддоме ў 2018-2023 гг.:
- 2018 – 3558
- 2019 – 3399
- 2020 – 3315
- 2021 – 3371
- 2022 – 2879
- 2023 – 2875
Гэта не поўныя лічбы па нараджэннях у Гродне. Роды прымаюць таксама ў акушэрскім аддзяленні Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Чытайце таксама: Ад простых да складаных. Якія існуюць формы лячэння няплоднасці?
Выпадкаў смерці маці не фіксавалі 23 гады
У перыяд з 2000 па 2023 года ў гродзенскай радзільні не было выпадкаў смерці маці ў час родаў. Летась выпадкаў смерці народжаных таксама не зафіксавалі.
Перынатальная смяротнасць [паказнік усіх выпадкаў смерці плода альбо навароджанага ў перыяд ад 24 тыдня да 7 сутак – Hrodna.life] у раддоме ў 2023 годзе склала 1,7 праміле (выпадкаў на 1000). У 2019 годзе гэты паказнік па ўсёй Беларусі быў 3,5. У той жа час гэты паказнік у Польшчы быў на ўзроўні – 5,3, у Літве – 5,4, а ў Расіі – 7,1.


