Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі 25 студзеня 2024 года праверылі гродзенскія маршруткі. Аднаго кіроўцу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за перавозку пасажыраў звыш нормы – стоячы, паведаміў тэлеканал “Гродна Плюс”.

Парушаюць часцей раніцай і пасля абеду: у Гродне зноў праверылі маршруткі - і аштрафавалі
Гродзенская маршрутка. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Правіла перавозкі пасажыраў кіроўцы маршрутак выконваюць паміж 11:00 і 16:00, расказаў тэлеканал. А вось ранкам і вечарам, у больш загружаны час, некаторыя кіроўцы бяруць у салон пасажыраў звыш нормы. У такім выпадку людзі едуць стоячы, што забаронена правіламі перавозкі пасажыраў. 

Аднаго з кіроўцаў у час рэйду аштрафавалі, бо ён ужо раней такім жа чынам парушаў правілы перавозак. 

За перавозку пасажыра стоячы кіроўцу пагражае штраф да чатырох базавых велічынь – да 160 рублёў.

Кіроўцы маршрутак просяць аб зменах

Падчас рэспубліканскай нарады, якая адбылася 19 студзеня 2024 года, перавозчыкі папрасілі чыноўнікаў унесці змены ў зканадаўства і дазволіць вазіць пасажыраў не толькі седзячы. Маўляў, перавозчыкі разумеюць, што паездка стоячы – парушэнне, але адмовіць пасажыру, які зайшоў у салон, не могуць. А калі кіроўцаў штрафуюць, то пасажыраў, якія едуць стоячы, не высаджваюць. 

На думку кіроўцаў, перавозку стоячы варта дазволіць для прыгарадных паездак, а для гарадскіх перавозак варта зрабіць больш гнуткі падыход. Для міжгародніх перавозка пасажыраў стоячы павінна быць забаронена. 

Чыноўнікі паабяцалі перавозчыкам разглядзець гэтую прапанову.