У Гродзенскай вобласці з 239 разгледжаных заявак на работу ў сферы фізічнай культуры і спорту задаволілі 208. Адмовілі ў дзяржаўнай акрэдытацыі 31 заяўніку. З новага года такая акрэдытацыя стала абавязковай для ўсіх, хто праводзіць спартыўныя заняткі і трэніроўкі, у тым ліку для спортклубаў, фітнес-трэнераў і цэнтраў, трэнажорных залаў. Сярод умоў - профільная адукацыя і ідэалагічная чысціня.

Усяго ў гарадскую і раённыя камісіі паступілі 252 заяўкі. У адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і ІП у Гродзенскай вобласці было 276 суб’ектаў у сферы спорту — яшчэ 24 проста не звярнуліся па акрэдытацыю.

З пададзеных заявак у акрэдытацыі адмовілі адной дзяржаўнай установе з Карэліцкага раёна, васьмі прыватным арганізацыям з Гродна, 20 індывідуальным прадпрымальнікам (17 з Гродна, тры — са Шчучынскага, Лідскага і Зэльвенскага раёнаў) і дзвюм федэрацыям па відах спорту — у Гродне і ў Лідскім раёне.

Адны з асноўных умоў для атрымання акрэдытацыі:

  • афіцыйная профільная адукацыя для педагагічнай дзейнасці ў сферы фізкультуры і спорту,
  • дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць месца для заняткаў або спартыўных мерапрыемстваў, якое адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням,
  • даведка з міліцыі аб адсутнасці непагашанай або не знятай судзімасці і адсутнасці «фактаў дэструктыўнай дзейнасці ў дачыненні да дзяржавы» — гэта значыць судзімасцяў па «палітычных» артыкулах.

«Мы выхоўваем маладое пакаленне, будучыню нашай краіны. Наш прэзідэнт не раз гаварыў аб тым, што патрыёта можа выхаваць толькі сапраўдны патрыёт. Таму важна, каб у кожнай сферы, у тым ліку і ў спорце, працавалі людзі, якія любяць і паважаюць родную краіну», — цытуе начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Максіма Малахоўскага «Гродзенская праўда».

Раней у Беларусі пастанавілі не дапускаць да абавязковай атэстацыі для працы праз судзімасці па «пратэстных» ці «палітычных» артыкулах экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

За працу без акрэдытацыі - штраф

З 1 студзеня 2024 года дзейнасць арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў без дзяржакрэдытацыі стала незаконнай. За яе будуць караць паводле адміністрацыйнага кодэксу: штраф складзе 50 базавых велічыняў (2 тыс. рублёў).

Многія не паспелі

Аб неабходнасці акрэдытацыі стала вядома ў канцы чэрвеня 2023 года. Суб’екты, якім камісія адмовіла, змогуць звярнуцца зноў пасля выпраўлення ўсіх парушэнняў. Відавочна, што «факты дэструктыўнай дзейнасці» ў мінулым выправіць не атрымаецца.

Прайсці перападрыхтоўку магчыма, але яна доўжыцца каля палутара-двух гадоў. Увосень спартыўныя ўніверсітэты не маглі адужаць наплыў ахвотных. Толькі ў БДУФК чарга складала больш за 200 чалавек. Некаторыя фітнес-клубы пасля Новага года не адкрыліся — «з незалежных ад іх прычын».

Чытайце таксама: Аграсядзіб у Гродзенскім раёне стала ўдвая менш: як дабівалі квітнеючую сферу