Вядома пра не менш за шэсць затрыманых у Гродне на канец дня 23 студзеня. У гэты дзень прайшлі затрыманні па ўсёй Беларусі – прыходзілі да сваякоў палітзняволеных і былых палітзняволеных, паведамляе Telegram-канал “Суды, задержания. Гродно и область”.
Затрыманні некаторых сваякоў палітвязняў могуць быць звязаныя з праектам “INeed HelpBY”. Паводле папярэдняй інфармацыі, у КДБ ёсць інфармацыя з “Еўраопта” аб прадуктовых кошыках, якія закупаліся ў межах праекта.
Пад пераслед па Беларусі трапілі мінімум 60 чалавек, піша “Вясна”. Частку з іх затрымалі, а ў некаторых проста правялі ператрус і адпусцілі. Вядома, што прыходзілі да людзей па ўсёй краіне.
У пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях». Некаторым людзям супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманні і ператрусы звязаныя з праектам «INeedHelpBY», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
23 студзеня «INeedHelpBY» – і «КОТОС», «Беларускае Радыё Рацыя»,, «Триэлит / БЧБ-Триэлит» – папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў. Адзін з нібыта стваральнікаў фарміравання “КОТОС” – 44-гадовы ўраджэнец Мастоў Гродзенскай вобласці Кухлей Дзмітрый Аляксандравіч.
Чытайце таксама: Затрыманні ў Шчучыне, расплата за данаты, мінус адвакат. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці


