Тры гродзенскія IT-шнікі нібыта прыйшлі ў міліцыю з павіннай і заплацілі тысячы долараў за данаты ад € 1 да € 35. “Кампенсацыю” накіравалі ў дабрачынныя фонды. Такое відэа апублікаваў Telegram-канал сілавікоў. Твары IT-шнікаў былі заблюраныя.
Адзін з IT-шнікаў распавёў, што перавёў «тэрарыстычнай арганізацыі» Nexta € 1,78 з дапамогай PayPal. Для “кампенсацыі шкоды” ён перавёў у нейкі дзіцячы фонд $ 1000. Другі IT-шнік за данат Nexta, які ён адправіў праз PayPal 17 студзеня 2021 года, аддаў на дабрачыннасць $ 5000. Сума даната не называецца.
Верагодна, на самай справе данаты адпраўлялі да таго, як арганізацыі прызнаваліся “экстрэмісцкімі і “тэрарыстычнымі”.
Інжынер-праграміст адправіў BYSOL два даната агульнай сумай на €35. Мужчына сказаў, што сам прыйшоў у міліцыю. Ён за “сваю правіннасць” адправіў $5000 у фонд дапамогі хворым дзецям.
Праваабаронцы распавядалі ў верасні 2023 года, што ў Гродзенскай вобласці ўзяліся выклікаць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў па справах, звязаных з данатамі. “Зачысціць” іх можна па метадычцы, якую напісала кааліцыя пратэстных двароў (ККД). У Мінску за данаты пачалі выклікаць яшчэ ў канцы 2022 года, пісала Zerkalo.io. У спісы трапілі тыя, хто пераводзіў грошы з беларускіх картак. Спачатку ў ДФР і КДБ «узяліся» за айцішнікаў. Каб пазбегнуць пераследу, людзям прапаноўвалі “кампенсаваць” суму даната ў кратным памеры.



