У аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна прадаецца двухпавярховы будынак бассейна. Першапачатковую цану скінулі на 90% - басейн не могуць прадаць ужо чатыры гады.
На аўкцыён выставілі двухпавярховы цагляны будынак басейна 1987 пабудовы са склепам, брукаванне, подпорную сценку і агароджу. Участак зямлі плошчай 0,1598 га пад забудовай можна арандаваць на 50 гадоў. Ён знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадаёма і зоне санітарнай аховы пітнога водазабеспячэння.
За ўсё прызначылі пачатковую цану 48,4 тыс. рублёў ($ 15,3 тыс.). Столькі зараз каштуе Volkswagen Golf 2019 года выпуску.
Побач — цэнтр культуры і міліцыя
Басейн размешчаны на вуліцы Цэнтральнай, 8. Зараз у гэтым будынку размешчаны таксама Абухаўскі цэнтр культуры і аддзяленне міліцыі.
Паводле ўмоў аўкцыёну басейн нельга купіць у асабістае карыстанне: там можна размясціць аб’ект грамадскага харчавання, спартыўна-аздараўленчы, медыцынскі або культурна-забаўляльны цэнтр, крамы ці офісы.
Аўкцыён прызначаны на 1 лютага. Гэта паўторны продаж. Басейн ужо спрабавалі прадаць у 2021, потым — у 2022 годзе. Зараз будынак належыць Гродзенскаму раённаму фізкультурна-спартыўнаму клубу.
Мясцовыя шкадуюць басейн
Мясцовыя пенсіянеркі яшчэ ў 2021 годзе казалі журналістам, што хацелі б адваяваць басейн, але не ведаюць як. «Вельмі кепска, што басейн закрылі і не адкрываюць. Ужо колькі год стаіць так. Гэтулькі шмат там месца, такі шыкоўны басейн быў, а цяпер стаіць без толку, хутка рассыплецца ўвесь будынак», — цытаваў іх Onliner.
«Вёска будучыні»
У 2017 годзе аграгарадок Абухава Гродзенскага раёна ўключылі ў план развіцця «Вёска будучыні». У канцы 2016 года Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць такую вёску ў кожнай вобласці. Галоўная мэта праекта была падняць вёскі на новы ўзровень, дзе людзям жылося б не горш, чым у горадзе.
Мэтавага фінансавання са статусам «вёскі будучыні» не вылучалі.
Чытайце таксама: У Слоніме зноў прадаюць сінагогу XVII стагоддзя — на гэты раз за 40 рублёў