Навіны

Судзілі за БЧБ-фота, перавялі ў турму палітвязня, закрылі курсы польскай мовы. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Лідчанку аштрафавалі за фота БЧБ-сцяга ў «Аднакласніках», а лідчаніна — за налепку ва ўласнай кватэры. Брэсцкага палітвязня Паўла Рэзановіча перавялі на турэмны рэжым. Беларускія спецслужбы вымусілі зачыніцца каля 10 камерцыйных устаноў, дзе вывучалі польскую мову. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 8 па 14 студзеня.

Судзілі прыбіральшчыцу, слесара і дырэктара

Каля 35 судовых рашэнняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Смаргоні, Гродне, Навагрудку, Лідзе, Зэльве, Ашмянах. Рашэннем суда сталі штрафы на 15−30 базавых велічынь і 10 сутак арышту.

Лідчаніна аштрафавалі на 50 базавых за БЧБ-налепку ў кватэры

Жыхар Ліды наляпіў на дзверы ў калідоры сваёй кватэры налепку з бел-чырвона-белым сцягам. Гэтым ён нібыта ўзяў удзел у пікетаванні без дазволу выканкама. Верагодна, налепку ўбачылі супрацоўнікі РАУС — яго рэгулярна наведваюць, таму што мужчына ўжо судзімы.

Беларускія спецслужбы вымусілі зачыніцца каля 10 камерцыйных устаноў, дзе вывучалі польскую мову

Кіраўніцтва затрымліваюць, ад супрацоўнікаў патрабуюць спісы выкладчыкаў і студэнтаў, якім пагражае пераслед, паведамляе polskieradio.pl са спасылкай на Dziennik Gazeta Prawna.

З ліпеня 2023 года ўлады Беларусі патрабуюць ад грамадзян паведамляць аб наяўнасці віду на жыхарства, пашпарты іншай краіны і іншых дакументаў, выдадзеных іншымі дзяржавамі. Дзяржслужачыя наогул не могуць мець «карту паляка».

37-гадовага праграміста з Гродна асудзілі за каментары на чатыры гады калоніі

Ён размяшчаў каментары, якія нібыта змяшчаюць паклёп і абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і нібыта заклікаў у паведамленнях да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу ў краіне. У жніўні 2020 года ён двойчы пераводзіў асабістыя зберажэнні на рахункі «экстрэмісцкіх фарміраванняў».

Хлопца затрымалі ў траўні 2023 года. Ён распавёў, што не планаваў прадпрымаць якія-небудзь дзеянні для звяржэння ўлады, пісаў свае каментары без нейкіх намераў.

Хлопца судзілі па шэрагу артыкулаў КК:

  • ч. 1 арт. 130 «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай, іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці»;
  • ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 342 КК «Падрыхтоўка да арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • арт. 361−2 (у рэдакцыі Закона ад 20.04.2016 № 358-З «Прадастаўленне грашовых сродкаў, любым спосабам для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»;
  • ч. 1 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • ч. 2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • ч. 2 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Артыкулы супадаюць з тымі, па якіх у Гродне судзілі Аляксандра Яшкіна. Яго пачалі судзіць 11 снежня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Лідчанку аштрафавалі за фота БЧБ-сцяга ў «Аднакласніках»

Фота БЧБ-сцяга ў незакрытым акаўнце ў «Аднакласніках» палічылі пікетаваннем. 26 снежня 2023 года ў судзе Лідскага раёна мясцовую жыхарку за гэта паводле арт.24.23 ч. 1 КаАП аштрафавалі на 30 базавых адзінак (1100 рублёў), паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Затрыманні ў ДЛГУ «Лідскі лясгас»

Сілавікі паведамілі пра затрыманні ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Лідскі лясгас». Колькасць затрыманых не назвалі.

Новыя «экстрэмісты»

Мінін Юрый Аляксандравіч 12 студзеня папоўніў спіс «экстрэмістаў».

Брэсцкага палітвязня Паўла Рэзановіча перавялі на турэмны рэжым

Цяпер ён утрымліваецца ў гродзенскай турме № 1, піша «Радыё Свабода». Зняволенага перавялі ў крытую турму ў снежні 2023 года. Паўла прысудзілі да 19 гадоў пазбаўлення волі і вялізнага штрафу (25 600 рублёў) у рамках «справы Аўтуховіча».

Павел Рэзановіч. Фота: «Вясна»

Пасля масавых затрыманняў у інстытуце раслінаводства ў Шчучыне змяніўся дырэктар

Ужо былы дырэктар Гродзенскага занальнага Інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Шчучыне Сяргей Шэўчык больш не працуе ва ўстанове. Крыніца Hrodna.life сцвярджае, што яго «знялі» пасля масавых затрыманняў.

Сяргей Шэўчык. Фота: «Дзянніца»

«Затрымалі на святы». У Гродне працягваюцца затрыманні за падпіску на Instagram Руслана Кулевіча

Журналісту з Гродна Руслану Кулевічу стала вядома яшчэ пра адзін выпадак затрымання за падпіску на яго асабісты Instagram. Раней яго асабістыя сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пасля гэтага да падпісантаў пачалі прыходзіць.

Руслан Кулевіч. Крыніца: старонка журналіста ў Instagram

Настаўнік з Гродзенскага раёна сабраўся ісці на павышэнне. Яго «праверылі» сілавікі - і затрымалі

Работнік сферы адукацыі ў Гродне збіраўся ісці на павышэнне. Яго затрымаў ГУБАЗ — знайшлі наведванні мітынгаў і адпраўку інфармацыі пра супрацоўніка міліцыі ў Telegram-канал «Черная книга Беларуси». Чацвёра сілавікоў напалі на гродзенца, пакуль ён ішоў па вуліцы. Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманы — Арцём Кабылянскі, настаўнік англійскай і нямецкай моў у Абухаўскай сярэдняй школе імя І.П. Сянько, класны кіраўнік, раней працаваў у сярэдняй школе ў Індуры і ў СШ № 37 у Гродне.

Арцём Кабылянскі выйшаў на волю са штрафам у 30 базавых велічынь (1200 рублёў).

Затрыманы настаўнік у Гродне. Скрыншот Hrodna.life

2500 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў узбудзілі ў Гродзенскай вобласці за 3,5 года

Больш за 2500 крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці распачалі ў Гродзенскай вобласці са жніўня 2020 года. Большасць зарэгістравана ў Гродне і буйных раённых цэнтрах — Лідзе, Ваўкавыску. Пра гэта распавялі «Гродзенскай праўдзе» ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.

У Гродне за падпіску аштрафавалі дырэктара буйнога шынамантажу

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Гродне аштрафавалі дырэктара прыватнай фірмы. Мяркуючы па матэрыялах справы, гэта Аляксандр Марук, дырэктар шыннага цэнтра «R13». Паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП яго аштрафавалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна.

Апошнія запісы

Гродзенскаму доміку для катоў патрабуецца мэбля: пакуль клеткі з жывёламі даводзіцца ставіць на падлогу

Валанцёры грамадскай арганізацыі "Адданае сэрца" просяць гродзенцаў дапамагчы з мэбляй. У домік для катоў, які…

22 студзеня 2025

У Гродне дзяўчына купіла клубніцы ў шакаладзе, а атрымала — у цвілі

Гродзенка купіла клубніцы ў шакаладзе ад кавярні MyLoverBerry і вырашыла пакаштаваць яе на відэа. Дзяўчыну…

21 студзеня 2025

Дыскрымінацыя жанчын? Вядучай «Марафону адзінства» ў Гродне заплацілі менш, чым вядучаму

Вядучая "Марафону адзінства" Анастасія Кісель, студэнт года і дэлегат Усебеларускага народнага сходу, павінна была атрымаць…

21 студзеня 2025

У Ваўкавыску судзяць 16-гадовага студэнта. Ён сарваў сцяг

Жыхара Ваўкавыска Леаніда Трафімовіча пачалі судзіць 21 студзеня. Працэс па арт. 370 КК "Здзек з…

21 студзеня 2025

У Гродзенскай вобласці за год «экстрэмісцкімі» прызналі 140 рэсурсаў: тэмпы выраслі ўдвая

Суды разгледзелі і задаволілі ў 2024 годзе 140 заяў ад пракуратуры Гродзенскай вобласці аб прызнанні…

21 студзеня 2025

«Паходу я раблюся бамжом». У блогера Vadimati арыштавалі маёмасць у Беларусі

Пра арышт кватэры блогер і экс-палітвязень Вадзім Ермашук даведаўся з паведамлення Следчага камітэта. Ён размясціў…

21 студзеня 2025