Будынак былой кацельні на Цітова, 26 патаннеў удвая. Паўторны аукцыён пройдзе на анлайн-пляцоўцы «Белбанкротгандаль» 23 студзеня. Будынак ужо пачалі перабудоўваць пад культурны кластар, але інвестар, які выкупіў яго, памёр, і фірма збанкрутавала.
Зараз незавершаная будоўля закансерваваная. Ступень гатоўнасці будынка на 2021 год складала 60%. Пачатковы кошт, выстаўлены на гэты раз, — 850,5 тыс. рублёў (амаль $ 268 тыс.). Агульная плошча будынка — 4481,30 кв.м.



Будынак ужо спрабавалі прадаць паўгода таму. Тады за яго хацелі 1 701 000 рублёў ($ 576,7 тыс.). Пакупнікоў не знайшлося.
Зараз будынак належыць прыватнаму прадпрыемству «РВВ». Яго заснавальнік, бізнесмен Уладзімір Рамановіч, выкупіў будынак і пачаў будоўлю ў 2018 годзе. Ён хацеў адкрыць у былой кацельні культурны кластар з танцавальнай студыяй і невялікай залай для правядзення розных мерапрыемстваў. Таксама на пяці паверхах планавалі размясціць офісы,
крамы з харчовымі і нехарчовымі таварамі, хостэл, найбуйнейшую ў Гродне краму сантэхнікі, кабінеты медыцынскіх паслуг, кафэ і сушы бар. Фішкай павінна было стаць кафэ, размешчанае на трубе былой кацельні на вышыні 30 м. Рабочая назва праекта была «Маяк».

Уладзімір Рамановіч памёр ад ковіда. Пасля яго смерці бізнэс збанкрутаваўся. Ліквідацыя пачалася ў кастрычніку 2021 года. Банкрутам суд прызнаў фірму ў лютым 2022 года. Рамановічу таксама належаў будынак, дзе размяшчаўся праект «Дом 46». Ім займалася яго дачка Яўгенія Рамановіч.
Чытайце таксама: Пад асфальтам на вуліцы Цітова знайшлі брукаванку