На 1 студзеня 2024 у Гродзенскай вобласці ёсць 16 050 свабодных працоўных месцаў. Год таму іх было 12 425. Гэта азначае, што недахоп кадраў у вобласці за год вырас амаль на 30%.
Попыт на супрацоўнікаў па рабочых прафесіях склаў 61,7% ад агульнай колькасці вакансій у параўнанні з 59,2% год таму. Лічбы прыводзіць БЕЛТА са спасылкай на Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.
Але шукаюць і начальнікаў і рэдкіх спецыялістаў. Напрыклад, на «Гродна Азот» у лістападзе 2023 шукалі семярых начальнікаў і пецярых іх намаў — цэхаў, аддзелаў, вытворчасці, вядучага эканаміста, спецыяліста па кадрах і маркетолага.
Лекары ў эміграцыі кажуць пра недахоп рэдкіх спецыялістаў у рэгіёнах. Усяго ў вобласці нядаўна не хапала 700 медыкаў. Пры працаўладкаванні трэба давесці, што патэнцыйны супрацоўнік не быў «засвечаны» на пратэстах пасля выбараў 2020 года і не знаходзіцца ў «чорных спісах».
Найбольшая колькасць прапаноў аб працы ў Гродне — больш за 4,89 тыс. На другім месцы — Лідскі раён (там заяўлена больш за 1,87 тыс. вакансій). На трэцім месцы — Ваўкавыскі раён (больш за 1,19 тыс. свабодных працоўных месцаў).