Пешаходны мост праз яр паміж вуліцай Фамічова і лесапаркам Румлёва і СШ № 3 вырашылі цалкам разабраць і узвесці новую канструкцыю. Мост закрыты для карыстання амаль два гады.
Новы мост будзе з парэнчамі 1,3 м вышынёй. Злучэнне моста і падыходаў да яго таксама абгародзяць, зробяць пандус, прадугледзяць асвятленнне і сістэму зліва вады.
Новую канструкцыю будуць узводзіць з маналітных жалезабятонных пліт з дапамогай старой, пасля старую разбяруць, піша канал Urban Hrodna са спасылкай на гарвыканкам.
З боку Фамічова да моста будзе прымыкаць асфальтаваная сцежка, з боку дома № 72/4 па Янкі Купалы — лесвіца і пандус. Альтэрнатыўны варыянт — уладкаванне сходу без лесвіцы, які змогуць выкарыстоўваць як пандус.
Грамадскія абмеркаванні ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе пройдуць у перыяд з 12 студзеня па 23 лютага.
Да 26 красавіка праект павінны прайсці дзяржаўную экалагічную экспертызу. Рашэнне па планаванай дзейнасці прымуць да 10 чэрвеня. Замоўца будоўлі - Гродзенская ЖКГ.
Мост закрыты два гады
Даўжыня пешаходнага моста на Фамічова — 80,8 м, шырыня — 3 м паводле праекта і 2,76 м паводле абследавання, вышыня над ярам — 18 м.
Мост праз яр быў закрыты з пачатку 2022 года. Працы на ім не вяліся. У кастрычніку 2022 года высветлілася, што на мост страчаная праектная дакументацыя. У сакавіку 2023 года Гарадская ЖКГ пачало шукаць распрацоўніка для перадпраектнай дакументацыі. На распрацоўку гатовы былі выдаткаваць 30 тыс. рублёў з бюджэтных сродкаў. Чыноўнікі вагаліся, ці дастаткова будзе ўзмацніць канструкцыі, ці давядзецца будаваць мост наноў.