Больш за 2500 крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці распачалі ў Гродзенскай вобласці са жніўня 2020 года. Большасць зарэгістравана ў Гродне і буйных раённых цэнтрах — Лідзе, Ваўкавыску. Пра гэта распавялі «Гродзенскай праўдзе» ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.
Часцей узбуджаліся крымінальныя справы па фактах:
- абразы прадстаўнікоў улады,
- абразы прэзідэнта,
- распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.
СК назваў найбольш цяжкімі злачынствы, звязаныя з групавымі дзеяннямі і прымяненнем гвалту да супрацоўнікаў міліцыі, са знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці.
У лістападзе ўлады казалі пра 2000 злачынстваў «экстрэмісцкай» накіраванасці ў вобласці. Атрымліваецца, за месяц распачалі яшчэ 500 спраў.
Гродзенская вобласць заняла другое месца па колькасці «экстрэмісцкіх» злачынстваў пасля Мінска. 83% злачынстваў здзейснілі з выкарыстаннем інтэрнэту і ў Telegram-каналах. Гэта значыць, што людзей судзілі за пакінутыя каментары і нібыта намеры, а не дзеянні.