У Лідскім раёне абваліўся пралёт моста. Гэта адбылося 8 студзеня 2024 года падчас дэмантажу канструкцыі. У выніку пацярпелі два працоўныя, якія дэмантавалі мост, паведаміла МНС Беларусі.

У Лідскім раёне абрынуўся мост на Нёмане: у раку звалілася тэхніка і чалавек
Экскаватар у Нёмане. Скрыншот: Telegram-канал «МЧС Беларуси»

Здарэнне адбылося ў 10:23 побач з вёскай Тосіна і аграгарадком Беліца. Абрынуўся пралёт закрытага моста праз раку Нёман. У рацэ апынуўся экскаватар з машыністам.

Ратаўнікі з дапамогай трохкаленнай лесвіцы транспартавалі двух пацярпелых і выцягнулі працоўнага з экскаватара, які зваліўся ў раку. Усіх пацярпелых шпіталізавалі ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Сярод іх чэрапна-мазгавыя, пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі. Двух чалавек шпіталізавалі ў аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, трэцяму пацыенту праводзяць дадатковыя даследаванні. Зараз высвятляюць прычыну здарэння.

Што гэта за мост

Мост, які часткова абрынуўся ў Нёман, знаходзіцца на 78 км дарогі М-11/Е85 ад мяжы Літвы праз Ліду і Слонім да Быценя. Яго абвал не перашкодзіць руху транспарта, бо мост ужо закрыты. Побач у 2021−23 гадах пабудавалі новы мост, які адкрылі ў снежні 2023 года.

У Лідскім раёне абрынуўся мост на Нёмане: у раку звалілася тэхніка і чалавек
Пабудаваны новы мост і не дэмантаваны стары праз Нёман у траўні 2023 года. Крыніца: autogrodno.by

Завершыць працы і дэмантаваць стары мост планавалі да кастрычніка 2024 года. Металічныя канструкцыі дэмантаванага моста прапанавалі адправіць на пераапрацоўку, а жалезабетон пасля драблення планавалі выкарыстаць пры падсыпцы дарог.