Адна з сацыяльных груп, якой цяжка знайсці сабе месца ў сучасным гарадскім асяроддзі, — гэта дзеці і падлеткі. Праз аб’ектыўныя фізічныя абмежаванні і тыя ўзроставыя абмежаванні, якія накладае на іх грамадства, яны заўсёды залежаць ад рашэнняў дарослых. Таму і ва ўзаемадзеянні з горадам яны вельмі абмежаваныя. Менавіта таму на дарослых ляжыць адказнасць, каб гэта ўзаемадзеянне было для дзяцей бяспечным, цікавым і карысным. Разбіраемся ў падкасце «Утульны горад» разам са спадарыняй Лізаветай з Менскай Урбаністычнай Платформы.
Слухайце размову ў аўдыёверсіі цалкам або чытайце яе змест у вялікім скароце тэзісна ніжэй.
Дзеці ў горадзе: чаго ім бракуе?
У падкасце «Утульны горад» мы часта закранаем тэму безбар’ернага асяроддзя. Гэта такі стан асяроддзя, пры якім людзі з абмежаванай мабільнасцю маюць такі сам доступ да ўсіх гарадскіх аб’ектаў, як і людзі без абмежаванняў у мабільнасці. Навароджаныя дзеці, якія не могуць перасоўвацца без дарослых, ужо адчуваюць на сабе, наколькі прыстасаванае да іх патрэб навакольнае асяроддзе. Напрыклад, калі бацькі вязуць вазочак па роўнай паверхні, дзіця можа спакойна спаць, а калі на дарозе поўна ямін і купін, то рухацца па такой паверхні і не турбаваць пры гэтым немаўля амаль немагчыма.
Таксама маладым бацькам бывае складана даць рады з цяжкімі жалезнымі дзвярмі нашых пад’ездаў, забрацца на слізкі ганак узімку і падняць вазочак на пяты паверх без ліфта. Можна ўжо не казаць пра тое, як складана бацькам з вазочкам у перапоўненым грамадскім транспарце, парогі якога даволі часта бываюць значна вышэй за тратуар, таму ізноў даводзіцца шукаць памагатых, каб падняць і спусціць вазочак у аўтобус ці тралейбус.
Трывожныя бацькі і адсутнасць месцаў для падлеткаў
Калі дзіця падрастае і ўжо дае рады хадзіць сваімі нагамі, то паўстае пытанне з дзіцячымі пляцоўкамі. З кожным годам усё складаней уявіць, каб бацькі адпускалі на пляцоўку сваіх малодшых школьнікаў і, тым больш, дашкольнікаў саміх. Хаця яшчэ год 20 таму шасцігадовыя дзеці, якія спакойна гуляюцца ў двары без нагляда дарослых, былі нормай для нашых гарадоў.
Спадарыня Лізавета з Менскай Урбаністычнай платформы лічыць, што часткова віной таму дасяжнасць інфармацыі: сучасныя бацькі спажываюць нашмат больш навінаў пра трагічныя выпадкі, якія ад часу да часу здараюцца з дзецьмі. Акрамя таго, за два дзесяцігоддзі значна вырас узровень аўтамабілізацыі, таму заканамерна, што ў дзяцей стала больш небяспекі трапіць пад колы машыны. Не дадае спакою трывожным бацькам і тое, што з умоўнага 25 паверха немагчыма пабачыць, як унізе на пляцоўцы бавіць час дзіця. У жыхароў і жыхарак пяціпавярховых дамах такой праблемы не было.
Яшчэ адна ўразлівая сацыяльная група ў сэнсе жыцця ў горадзе — падлеткі. Яны ўжо выключаны з умоўна дзіцячых месцаў, бо горкі і арэлі ўжо не прыстасаваныя для іх узросту, але бавіць час у кавярнях ці барах на ўзроўні з дарослымі яшчэ не могуць. У тым ліку таму падлеткаў цягне ў патэнцыйна небяспечныя месцы, дзе можна хоць неяк пазабаўляцца ў свой вольны час.
Як праектаваць горад для дзяцей?
Спадарыня Лізавета лічыць, што пры праектаванні прастор для дзяцей мусіць дзейнічаць той жа прынцып, што і ў выпадку праектавання прастор для дарослых. Карыстальніцкія сцэнары для дзяцей нескладана пралічыць: дзеці, як і дарослыя, раніцай выходзяць з дому, ідуць у садок ці школу, а ўвечары вяртаюцца дамоў. Суадносна, па дарозе іх не мусяць напаткаць перашкоды: тыя ж цяжкія жалезныя дзверы бывае няпроста адчыніць малым дзецям, ды і дацягнуцца да дамафона бывае амаль немагчыма.
Дзіцячыя пляцоўкі зараз становяцца нашмат больш бяспечнымі, чым былі яшчэ дзясятак год таму. Цяжкія металічныя канструкцыі замяняюць на пластыкавыя і драўляныя з мяккім пакрыццём. Аднак разнастайнасці ў гэтых пляцоўках усё яшчэ няшмат. Горкі, арэлі і пясочніцы хутка становяцца дзецям нецікавымі, і яны шукаюць месцы, дзе можна рэалізаваць іншыя сцэнары для гульняў. Тут на дапамогу прыходзяць закінутыя двары, гаражы і будоўлі. Спадарыня Лізавета кажа, што разнастайныя сучасныя турнікі і сценкі з выступамі, дзе можна лазіць, спрабаваць сваю фізічную моц і не рызыкаваць пры гэтым здароўем, нашмат лепей пасуюць дзецям, чым самотныя пясочніцы.
Што датычыцца падлеткаў, то ім магла б быць цікава школьная прастора, калі б яна была пэўным чынам абсталявана і прызначана для таго, каб вучні і вучаніцы маглі пабавіць там час пасля заняткаў. Нерацыянальна, што такія вялізныя прасторы частку дня ніяк не занятыя, пры тым, што ў гэты час падлеткам няма куды падзецца. Калі б школы ператварыліся ў больш прывабныя ўстановы з рознымі абсталяванымі зонамі для камунікацыі і адпачынку, сучаснай бібліятэкай і дасягам туды пасля сканчэння ўрокаў, гэта дало б падлеткам месца для самарэалізацыі і развіцця. Магчыма, нават праблема з залежнасцю ад відэагульняў пакрысе пачала б вырашацца.
Чытайце таксама: